Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУН,

умацаванне або ўмацаванае жыллё ў Ірландыі і Шатландыі ў выглядзе каменнай вежы. Першапачаткова так называлі ў паўн. Шатландыі высокія вежы, пабудаваныя піктамі на ўзбярэжжы мора. Найб. стараж. помнікі, верагодна, належаць да жал. веку, але шмат Д. пабудавана ў раннехрысціянскі перыяд і сярэднія вякі.

т. 6, с. 258

ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),

рас. кампазітар. Нар. арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).

Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел. нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел. нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.

Літ.:

Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;

И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;

Чернов А И.О.Дунаевский. М., 1961;

Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;

Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.

І.В.Дунаеўскі.

т. 6, с. 258

ДУНАЁК,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Грэза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 68 км ад Магілёва. 507 ж., 204 двары (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 258

ДУНА́Й (ням. Donau, венг. Duna, славацк., чэш. Dunaj, балг., сербск. Дунав, рум. Dunárea),

стараж.-грэч. Істр, рака ў Еўропе, на тэр. ФРГ, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Балгарыі, Румыніі, Украіны; другая па даўжыні пасля Волгі. Даўж. 2850 км, пл. бас. 817 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Брэге і Брыгах на ўсх. схілах горнага масіву, Шварцвальд, упадае ў Чорнае м. Верхні Д. (да Вены) цячэ па Баварскім пласкагор’і ў вузкай глыбокай даліне, якая падзяляе адгор’і Альпаў і Чэшскага масіву. У сярэднім цячэнні перасякае Сярэднедунайскую раўніну. У асобных горных хрыбтах і градах (Венгерскія Вароты, Вішаградскі праход, Жалезныя Вароты, Казанэ) утварае даліны прарыву. Ніжняе цячэнне (да вусця) праходзіць па Ніжнедунайскай раўніне. Утварае дэльту (пл. 3500 км²), дзе вылучаюцца 3 гал. рукавы (гірлы); Кілійскае, Сулінскае і Георгіеўскае. Больш за 300 прытокаў, 34 з іх суднаходныя. Гал. прытокі: Марава, Ціса, Олт, Сірэт, Пруг (злева), Ін, Драва, Сава, Марава (справа). Жыўленне мяшанае. Рэжыму верхняга Д. характэрна летняе разводдзе ад раставання снегу і лёду ў гарах, на астатняй тэр. веснавое разводдзе і летняя межань. На асобных участках у суровыя зімы замярзае да 1,5 мес. Сярэдні гадавы расход вады 6430 м³/с. Рыбалоўства (пераважна ў дэльце). Водзяцца бялуга, сяўруга, асетр, дунайскі селядзец, сазан, жэрах і інш. Выкарыстоўваецца на арашэнне і водазабеспячэнне гарадоў і прамысл. цэнтраў. Суднаходная да вярхоўяў, мае вял. значэнне ў трансп. сувязях Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. У ніжнім цячэнні (у Румыніі) Д. злучаны каналам з Чорным м. У Жалезных Варотах (на мяжы Румыніі і Югаславіі) 2 буйныя ГЭС (Джэрдап), каскад ГЭС з вадасховішчамі на тэр.

Аўстрыі і ФРГ. Гал. гарады на Д. — Рэгенсбург (ФРГ), Лінц, Вена (Аўстрыя), Браціслава (Славакія), Будапешт (Венгрыя), Нові-Сад, Бялград (Югаславія), Русе (Балгарыя), Брэіла, Галац (Румынія), Ізмаіл (Украіна) і інш. У дэльце Д. запаведнік Дунайскія плаўні. Д. — міжнар. рака. Канвенцыяй аб рэжыме суднаходства на Д. 1948 устаноўлена свабода суднаходства, забаронена плаванне ваен. караблёў непрыдунайскіх краін.

Рака Дунай у Будапешце.

т. 6, с. 258

ДУНА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

назва найстаражытнейшага зледзянення ў Альпах, якое адбылося ў канцы пліяцэну або пач. плейстацэну (каля 1,5—1,8 млн. гадоў назад).

т. 6, с. 259

ДУНА́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА, лінейна-стужачнай керамікі культура,

археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі ў бас. Дуная. У 4500—4000 г. да н.э. распаўсюдзілася ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Больш за 40 помнікаў Д.к. вядомы на З Валыні, яе ўплывы і знаходкі сустракаюцца ў паўд.-зах. Беларусі. Насельніцтва Д.к. займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыллё — паўзямлянка, у зах. ч. арэала — наземнае слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Для Д.к. характэрны шарападобныя гаршкі з цыліндрычным горлам, крамянёвыя нажы, скрабкі, пласціны для сярпоў, наканечнікі стрэл, каменныя зерняцёркі, сякеры і інш. Д.к. ўплывала на нёманскую культуру.

У.Ф.Ісаенка.

т. 6, с. 259

ДУНА́ЙСКАЯ МАНА́РХІЯ,

адна з назваў Аўстра-Венгрыі.

т. 6, с. 259

ДУНА́ЙСКАЯ ШКО́ЛА ў мастацтве,

кірунак у жывапісе і графіцы паўд. Германіі і Аўстрыі 1-й пал. 16 ст. Да Д.ш. адносяць раннія творы Л.Кранаха Старэйшага, А.Альтдорфера, В.Губера і інш., якія вылучаюцца свабодай маст. фантазіі, эмацыянальнасцю, пантэістычным, падчас казачным успрыманнем прыроды, цікавасцю да ляснога і рачнога пейзажу, да прасторы і святла, дынамічнай, парывістай манерай пісьма (часам дробнымі мазкамі), вострай выразнасцю малюнка і інтэнсіўнасцю колеру. Познагатычныя традыцыі пераплятаюцца ў Д.ш. з рэнесансавымі тэндэнцыямі.

т. 6, с. 259

ДУНА́ЙСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

пашыраная ў гіст. л-ры агульная назва княстваў Малдова і Валахія, якія існавалі ў 14 — сярэдзіне 19 ст. Пасля іх аб’яднання (1859) узнікла новая дзяржава пад назвай Румынія (з 1861).

т. 6, с. 259

Дундараў Залімхан Анварбегавіч

т. 18, кн. 1, с. 382