Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́ЛАВА (Вера Георгіеўна) (н. 27.1.1910, Масква),

расійская арфістка, педагог. Нар. арт. Расіі (1966), нар. арт. СССР (1976). Дачка скрыпача Г.Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял. т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.Васіленкі, А.Масалова, санаціны Л.Кніпера, А.Балціна, «Усходні танец» А.Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.Масквіціна, Н.Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.

т. 6, с. 256

ДУ́ЛАЎ (Андрэй Васілевіч) (н. 21.10.1924, С.-Пецярбург),

бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1964), праф. (1966). Скончыў Усесаюзны завочны юрыд. ін-т (1949). З 1944 следчы пракуратуры Ленінграда. У 1954—58 выкладчык Ленінградскага ун-та. З 1958 у БДУ, у 1966—89 заг. кафедры крыміналістыкі, з 1989 выкладчык гэтай кафедры. Даследуе праблемы тэорыі суд. доказаў і метадалогіі крыміналістыкі, суд. псіхалогіі, суд. экспертыз, навук. арганізацыі дзейнасці следчых органаў. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка па крыміналістыцы (1996).

Тв.:

Судебная психология. 2 изд. Мн., 1975;

Тактические операции при расследовании преступлений. Мн., 1979;

Основы расследования преступлений, совершенных должностными лицами. Мн., 1985.

т. 6, с. 256

ДУЛЕ́БА (Антон Мікалаевіч) (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.М.Дулеба.

т. 6, с. 256

ДУЛЕ́БКА, Дулеба,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 152 км². Пачынаецца за 3,7 км на Пн ад в. Ягадка. Цячэ пераважна па забалочаным лесе. Рэчышча каналізаванае на працягу 12 км.

т. 6, с. 257

ДУЛЕ́БЫ,

аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.В.Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.І.Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).

Літ.:

Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.В.Штыхаў.

т. 6, с. 257

ДУЛЁЎСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д,

адно з буйнейшых у Расіі прадпрыемстваў па вырабе быт. і маст. фарфору. Засн. 1832 у пусташы Дулёва (з 1937 — г. Лікіно-Дулёва Маскоўскай вобл.) Т.Я.Кузняцовым. У 1889—1917 належаў таварыству М.С.Кузняцова. Вырабы гэтага перыяду выконваліся ў стылі мадэрн і адрозніваліся выдатнымі маст. якасцямі. З 1930-х г. пераважае размалёўка буйнымі колеравымі плямамі, пышная пазалота (сталовыя і чайныя сервізы, вазы, блюды)., З сярэдзіны 1960-х г. уводзяцца новыя, больш стрыманыя формы пасудзін. Вырабляюцца таксама дэкар. скульпт. кампазіцыі і фігуркі.

т. 6, с. 257

ДУЛУ́Т (Duluth),

горад на Пн ЗША, у штаце Мінесота, на беразе воз. Верхняе. Каля 100 тыс. ж., з прыгарадамі (у т. л. ў штаце Вісконсін) каля 300 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гал. порт на Верхнім возеры. Вываз жал. руды, пшаніцы і лесаматэрыялаў. Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (судны, буд. машыны, пад’ёмна-трансп. і прамысл. абсталяванне, інструменты і механізмы), харч., дрэваапр., паліграфічная. Ун-т. Музей, маст. галерэя.

т. 6, с. 257

ДУЛЬБЕ́КА ((Dulbecco) Рэната) (н. 22.2.1914, г. Катандзара, Італія),

італа-амерыканскі вірусолаг. Чл. Нац. АН ЗША, замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва і Італьянскай нац. АН. Праф. (1954). Скончыў Турынскі ун-т (1936, Італія). З 1947 у ЗША у Індыянскім ун-це, з 1949 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1963 і з 1977 у Солкаўскім ін-це біял. даследаванняў, з 1972 нам. дырэктара Лонданскага дзярж. аб’яднання лабараторый па даследаванні рака. Навук. працы па даследаванні механізмаў узаемадзеяння анкагенных вірусаў, якія маюць ДНК, з нармальнымі клеткамі. Эксперыментальна даказаў, што ДНК віруса пранікае ў геном клеткі і становіцца яго часткай. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Д.Балтымарам і Х.М.Тэмінам).

Р.Дульбека.

т. 6, с. 257

ДУЛЯЎЦЫ́,

вёска ў Роскім пасялковым Савеце Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 36 км на ПнЗ ад Ваўкавыска, 105 км ад г. Гродна, 12 км ад чыг. ст. Рось. 349 ж., 116 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 257

ДУЛЯЎШЧЫ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Дуляўшчына. Лінзападобны паклад звязаны з адкладамі шклоўскага міжледавікоўя. Гліны шэрыя, шчыльныя, з рэдкімі праслоямі і гнёздамі гліністага пяску, месцамі пераходзяць у суглінкі і тонкія супескі. Разведаныя запасы 6,7 млн. м³, перспектыўныя 0,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,8—12,4 м, ускрышы (розназярністыя пяскі, марэнныя супескі) 0,2—7,5 м. Гліны прыдатныя для вытв-сці цэменту.

А.П.Шчураў.

т. 6, с. 257