Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́МА,

назва розных (прадстаўнічых, выбарных, заканад., дарадчых, адм.) устаноў у Расіі. Гл. Баярская дума, Гарадская дума, Дзяржаўная дума.

т. 6, с. 257

ДУМБА́ДЗЕ (Надар Уладзіміравіч) (14.7.1928, Тбілісі — 14.9.1984),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — зб. гумарыстычных апавяданняў «Вясковы хлапчук» (1958). Раманы «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» (1960), «Я бачу сонца» (1962, за абодва прэмія Ленінскага камсамола 1967) прысвечаны жыццю груз. вёскі ў гады Вял. Айч. вайны. У раманах «Сонечная ноч» (1967), «Белыя сцягі» (1972, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1975), «Закон вечнасці» (1978, Ленінская прэмія 1980), аповесці «Кукарача» (1980) і інш. разглядае актуальныя сац.-этычныя праблемы Грузіі. Творы адметныя спалучэннем камічнага з драматычным, нац. гумару з глыбокім лірызмам. Асобныя творы экранізаваны, інсцэніраваны. На бел. мову творы Д. перакладалі В.Нікіфаровіч, У.Сіўчыкаў, М.Стральцоў.

Тв.:

Бел. пер. — Закон вечнасці. Мн., 1989;

Рус. пер. — Романы. М., 1968.

Н.У.Думбадзе.

т. 6, с. 257

ДУ́МБАРТАН-ОКС КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1944,

папярэдняя нарада прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая па пытаннях стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Склікана па прапанове СССР у адпаведнасці з дэкларацыяй 4 дзяржаў аб усеагульнай бяспецы, прынятай у 1943 у Маскве (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945). Праходзіла на віле Думбартан-Окс (прыгарад Вашынгтона) у 2 этапы: перагаворы прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі (21.8—28.9.1944) і прадстаўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая (28.9—7.10.1944). На канферэнцыі ўзгоднены асн. палажэнні праекта Статута ААН, аднак з-за рознагалоссяў бакоў засталіся нявырашанымі пытанні аб першапачатковых членах будучай арг-цыі (сав. бок, які прадстаўляў ураджэнец Беларусі А.А.Грамыка, прапаноўваў уключыць у лік дзяржаў-заснавальніц ААН усе 16 саюзных рэспублік) і аб парадку галасавання ў Савеце Бяспекі.

Літ.:

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Мн., 1994.

т. 6, с. 257

ДУ́МЛЕР (Сяргей Аўгуставіч) (13.6.1906, г. Саратаў, Расія — 24.11.1972),

бел. эканаміст. Д-р эканам. н. (1972). Скончыў Саратаўскі ун-т (1931). Працаваў выкладчыкам, інжынерам у Маскве, Чэлябінску, Свярдлоўску. З 1962 нам. дырэктара Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арганізацыі і тэхнікі кіравання, з 1972 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Распрацоўваў метады выкарыстання выліч. тэхнікі ў планаванні і эканам. аналізе.

Тв.:

Автоматизированные системы управления промышленным предприятием. М., 1966;

Управление производством и кибернетика. М., 1969.

М.П.Савік.

т. 6, с. 257

ДУ́МНЫЯ ЧЫНЫ́,

службовыя асобы ў Рускай дзяржаве ў канцы 15—17 ст.баяры, акольнічыя, думныя дваране і думныя дзякі, якія мелі права ўдзельнічаць у пасяджэннях Баярскай думы і ў рабоце думскіх камісій. Д. ч. займалі вышэйшыя пасады пры двары, удзельнічалі ў дыпламат. перагаворах, разбіралі месніцкія спрэчкі і інш.

т. 6, с. 258

ДУ́МПЕР (ад англ. dump звальваць),

самазвальная машына для перавозкі сыпкіх грузаў на невял. (да 2 км) адлегласці. Мае кузаў, які пры раз’яднанні счэпнага прыстасавання перакульваецца пад дзеяннем грузу. Вызначаецца прадукцыйнасцю, манеўранасцю, магчымасцю працаваць «чаўнаком» (уперад-назад без разваротаў, для чаго аснашчаецца паваротным сядзеннем і дубліраванымі органамі кіравання). Выкарыстоўваецца таксама для адвозкі грунту з тунэляў. Грузападымальнасць да 13,5 т.

т. 6, с. 258

ДУ́МПКАР (англ. dump-car),

грузавы чыгуначны паўвагон, кузаў якога пры разгрузцы нахіляецца вакол падоўжнай восі ў розныя бакі пнеўматычным або гідраўлічным механізмам. Выкарыстоўваецца для перавозкі руды, вугалю, буд. сыпкіх матэрыялаў па тэрыторыі буйных прадпрыемстваў. Грузападымальнасць да 180 т.

т. 6, с. 258

ДУ́МЫ,

ліра-эпічны жанр украінскай нар. паэт. творчасці 15—17 ст. Узніклі ў перыяд разгортвання барацьбы ўкр. народа супраць іншаземных захопнікаў і адыгралі значную ролю ў развіцці яго культуры і л-ры, вуснай творчасці і муз. мастацтва. Ім уласцівы ўстойлівая кампазіцыя, разгорнуты сюжэт, імправізацыйнасць, адсутнасць строф. Выконваліся пераважна прафес. нар. спевакамі — кабзарамі ці бандурыстамі меладычнай дэкламацыяй-рэчытатывам, пад акампанемент кобзы, бандуры. Тэмы, ідэі, вобразы, некат. асаблівасці паэтыкі Д. выкарыстоўвалі К.Рылееў, Т.Шаўчэнка, І.Франко, П.Тычына і інш.

т. 6, с. 258