ДУ́А (Гершан Майсеевіч) (парт. псеўд. Д.Боген; 5.5.1892, г. Седльцы, Польшча — 12.11.1948),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. За рэв. дзейнасць у 1916—18 зняволены герм. акупац. ўладамі ў канцлагер. З 1920 у Палесціне, адзін з заснавальнікаў і ген. сакратар ЦК Кампартыі Палесціны, высланы англ. каланіяльнымі ўладамі. У 1925—32 чл. ЦК КПЗБ, прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі. У 1933—35 у апараце выканкома Камінтэрна. У 1937 у складзе паліт. кіраўніцтва інтэрнац. брыгад рэсп. Іспаніі. Пасля паражэння рэспублікі эмігрыраваў у Францыю, потым на Кубу, быў карэспандэнтам камуніст. друку ў ЗША. З 1947 у Польшчы.
т. 6, с. 238
ДУАДЭ́ЦЫМА (ад лац. duodecima дванаццатая),
гл. ў арт. Інтэрвал.
т. 6, с. 238
ДУАЕ́Н (ад франц. doyen старшыня, старэйшына),
асоба, якая ўзначальвае дыпламат. корпус у якой-н. краіне. Звычайна Д. — вышэйшы рангам дыпламат. прадстаўнік. Калі некалькі дыпламат. прадстаўнікоў маюць аднолькавы ранг, то Д. — асоба, якая найдаўжэй знаходзіцца ў краіне прызначэння з моманту ўручэння даверчых грамат.
т. 6, с. 238
ДУА́ЛА (Douala, Duala),
горад на З Камеруна. Знаходзіцца на левым беразе р. Вуры, за 21 км ад яе ўпадзення ў Гвінейскі зал., злучаны мостам з портам Банаберы на правым беразе ракі. Адм. ц. Прыбярэжнай правінцыі. 1200 тыс. ж. (1993). Гал. акіянскі порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, харчасмакавая, хім., лесапільная. Праз Д. праходзіць таксама частка тавараабароту Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі і Чада. Панафрыканскі ін-т развіцця.
т. 6, с. 238
ДУАЛІ́ЗМ (ад лац. dualis дваісты),
філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне двух раўнапраўных пачаткаў — матэрыі і духа, матэрыяльнага і ідэальнага. Выступае ў якасці антыпода розных формаў манізму, прадстаўнікі якога тлумачаць свет на падставе сцвярджэння першаснасці матэрыі або духа. У гісторыі філасофіі Д. накіраваны на прымірэнне маністычных поглядаў і іх сінтэзу ў межах дуалістычнай сістэмы. Тэрмін «Д.» увёў ням. філосаф К.Вольф і выкарыстаў яго для азначэння матэрыяльнай і духоўнай субстанцый. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў Д. — Р.Дэкарт лічыў, што быццё падзяляецца на мыслячую (дух) і працяглую (матэрыя) субстанцыі. Суадносіны гэтых субстанцый у чалавека ён вырашаў з пазіцыі псіхафіз. паралелізму, дзе матэрыяльны і духоўны пачаткі выступаюць незалежна адзін ад аднаго. І.Кант развіваў вучэнне аб антынамічнасці розуму, якое было падставай дуалістычнага размежавання «рэчаў у сабе» і «з’яў». Для філасофіі новага часу характэрны формы гнасеалагічнага Д. (Дж.Лок, Д.Юм і інш.). Ён зыходзіць не з проціпастаўлення матэрыяльнай і духоўнай субстанцый, а з проціпастаўлення пазнаючага суб’екта пазнавальнаму аб’екту, што вядзе да абсалютызацыі свядомасці і яе адрыву ад сваёй матэрыяльнай асновы. Паняцце «Д.» сустракаецца ў разнастайных маральных, эстэт., паліт. і інш. канцэпцыях, дзе аб’ядноўваюцца несумяшчальныя пачаткі (дабро і зло, прыгожае і агіднае і інш.).
В.І.Боўш.
т. 6, с. 238