ДУЭ́ЛЬ (франц. duel ад лац. duellum вайна),
1) паядынак 2 асоб (з выкарыстаннем зброі) як спосаб адстойвання гонару і асабістай годнасці.
2) Барацьба, спаборніцтва 2 бакоў.
т. 6, с. 270
ДУЭ́РА (Duero),
партуг. Дору, рака ў Іспаніі і Партугаліі. Даўж. 925 км, пл. бас. каля 95 тыс. км². Вытокі ў Іберыйскіх гарах, у верхнім і сярэднім цячэнні ў глыбокай даліне перасякае Старакастыльскае пласкагор’е. Пры спуску да прыморскай нізіны ўтварае каньён, упадае ў Атлантычны ак. Вусце Д. — эстуарый, перагароджаны барам. Гал. прытокі: Пісуэрга, Адаха, Эсла, Тормес, Тамега. Сярэдні расход вады ў вусці каля 700 м³/с (самая мнагаводная рака на Пірэнейскім п-ве). Зімова-веснавыя паводкі. Суднаходная на 200 км. ГЭС. Вадасховішча. На Д. — гарады Сорыя, Аранда-дэ-Дуэра, Самора (Іспанія), Порту (Партугалія).
т. 6, с. 270
ДУЭ́Т (італьян. duetto ад лац. duo два),
1) ансамбль з двух выканаўцаў.
2) Вакальная п’еса для двух галасоў з інстр. суправаджэннем. Часта сустракаецца ў оперы, араторыі, кантаце; у аперэце — вядучы від вак. ансамбля; існуе і як самаст. жанр камернай вак. музыкі.
3) Інстр. п’еса для двух выканаўцаў, а таксама для двух вядучых інстр. галасоў з суправаджэннем. Д. часта называюць і п’есы для аднаго фп. ў 4 рукі.
т. 6, с. 270