Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),

італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.

Дуча ды Буанінсенья. Мадонна Ручэлаі. 1285.

т. 6, с. 267

ДУ́ЧЫЦ (Людміла Уладзіміраўна) (н. 12.12.1950, Мінск),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1982). Скончыла БДУ (1975). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Вывучае гісторыю ПнЗ Полацкага княства, культавыя камяні, каменныя крыжы, археал. мікратапаніміку, стараж. касцюм на тэр. Беларусі. Праводзіла раскопкі гарадзішчаў на Браслаўшчыне, курганоў на Пн Беларусі, гідраархеал. даследаванні ў Падзвінні.

Тв.:

Край блакітных азёр. Мн., 1988;

Браслаўскае Паазер’е ў IX—XIV стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1991;

Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мн., 1993;

Касцюм жыхароў Беларусі X—XIII стст. (паводле археалагічных звестак). Мн., 1995.

т. 6, с. 267

ДУ́ЧЫЦ (Мікалай Васілевіч) (20.9.1896, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.9.1980),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў пецярбургскай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1914—15). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Творам уласціва лірычнасць і стрыманая каляровая гама («Ускраіны Мінска», 1922, 1943; «Зіма», «Рэчка Волма», абодва 1946; «Пачатак вясны», 1951, «Зіма ў Зялёным», 1954, «Ля млына». 1955, «На беразе Свіслачы», 1965, «Лясная казка», 1969). Шэраг графічных работ прысвечаны Мінску («Стары Мінск», 1922; серыя «Віды Мінска», 1929, і інш.). Пісаў нацюрморты («Дары беларускага лесу», 1969—70).

М.Дучыц. Ля млына. 1955.

т. 6, с. 267