ДУДЗІ́НСКАЯ (Наталля Міхайлаўна) (н. 8.8.1912, г. Харкаў, Украіна),
руская артыстка балета, педагог. Нар.арт.СССР (1957). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1931, педагог А.Ваганава), з 1964 выкладае ў ім (цяпер Акадэмія рускага балета). У 1931—62 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1951 педагог Марыінскага т-ра. Для яе творчасці характэрны віртуозная тэхніка класічнага танца, экспрэсіўная манера выканання, эмацыянальная выразнасць, вытанчаны пластычны малюнак ролі. Сярод лепшых партый: Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949, 1951.