ДУДЗІ́ЦКІ (сапр. Гуцька) Уладзімір Ермалаевіч
(8.11.1911, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — ?),
бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. тэхнікуме, Бел. вышэйшым пед. ін-це. Працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», выд-ве АН БССР. У 1933 арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў лагераў. Вярнуўшыся, працаваў у газ. «Віцебскі пралетарый», у школах Віцебска, у вет. тэхнікуме ў Курасоўшчыне (цяпер у межах Мінска). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), Беларускага культурнага згуртавання, працаваў у гар. управах Мінска і Барысава. У 1944 у Берліне, дзе працягваў працаваць у БЦР, скончыў курсы ням. прапагандыстаў у Добендорфе. У ліст. 1944 выйшаў з БЦР і прымкнуў да ўласаўцаў. У канцы вайны служыў у прапагандысцкім органе «Вінета» (Мін-ва прапаганды Германіі). У 1960-я г. жыў у Германіі, ЗША, Венесуэле. Па справе за 1933 рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1937. Пісаў вершы, паэмы, фельетоны, апавяданні і інш.
Тв.:
У кн.: Туга па Радзіме. Мн., 1992;
Напярэймы жаданням. Нью-Йорк, 1994.
т. 6, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)