Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГУСА́РАЎ (Рыгор Андрэевіч) (6.2.1906, в. Алешня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з вер. 1941. Камандзір аддзялення сяржант Гусараў вызначыўся ў 1943 у баях у Верхнедняпроўскім р-не Днепрапятроўскай вобл. (Украіна): 28 вер. ў ліку першых фарсіраваў Дняпро, заняў з узводам зручны рубеж, чым садзейнічаў пераправе інш. падраздзяленняў палка.

Р.А.Гусараў.

т. 5, с. 542

ГУСА́РКА,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПнУ ад горада і 10 км ад чыг. ст. Клімавічы, 131 км ад Магілёва. 97 ж., 41 двор (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 542

ГУСА́РЫ (венг. huszár, адз. л.),

від кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 15 — пач. 20 ст. З’явіліся ў Венгрыі ў 1458 пры каралю Мацьяшы I Корвіне як конныя атрады дваранскага апалчэння, якія камплектаваліся паводле прынцыпу вылучэння аднаго ўзбр. конніка ад кожных 20 дваранскіх двароў (адсюль назва). З 16 ст. гусары вядомы ў Польшчы і Беларусі (у складзе войска ВКЛ, існавалі да канца 18 ст.), з 1634 — у Расіі (пераважна лёгкая кавалерыя, асабліва вызначыліся ў вайну 1812, выкарыстоўваліся да 1917), з канца 17 — пач. 18 ст. — у Францыі, Аўстрыі, Прусіі (лёгкая конніца для дзеянняў у тыле і на флангах праціўніка, вядзення разведкі і праследавання).

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 39-43.

Гусар войска Вялікага княства Літоўскага. 17 ст.

т. 5, с. 542

«ГУСАРЫ́», «Гусарыкі»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24 або 44. Тэмп павольны. Выканаўцы ходзяць, узяўшыся за рукі і спяваючы песню, ствараюць розныя фігуры: круг, вароты, запляценні і інш. Зафіксаваны ў Магілёўскай вобл. На нар. першааснове ў харэаграфічным ансамблі «Харошкі» створаны арыгінальны канцэртны танец.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 542

«ГУСАЧО́К»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24. Тэмп павольны. Танцоры імітуюць рухі гусей за важаком: нетаропкі, з боку ў бок крок, звілістыя лініі, спіралі ў малюнку. Часта суправаджаецца прыпеўкамі: «Гэй, гэй, гусачок, // Ці харошы касначок? // Гэр, гэр, гуска, // Ці хароша хустка?». Зафіксаваны ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

т. 5, с. 542

ГУ́СЕВА (Іна Сяргееўна) (н. 12.2.1930, г. Фергана, Узбекістан),

бел. вучоны ў галіне антрапалогіі і генетыкі. Д-р біял. н. (1982), праф. (1983). Скончыла Ферганскі настаўніцкі ін-т (1951), Сярэднеазіяцкі ун-т (1959, Ташкент). У 1973—87 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па дэрматагліфіцы, эвалюцыі аддзела твару чэрапа чалавека ў антрапа- і расагенезе, эвалюцыйным і канстытуцыянальным аспектах адаптыўнай нормы папуляцыі.

Тв.:

Морфогенез и генетика гребешковой кожи человека. Мн., 1986;

Прырода чалавека, чалавек у прыродзе. Мн., 1992 (разам з А.​І.​Мікулічам);

Ён і яна: Эцюды па генетыцы і эвалюцыі полу. Мн., 1995 (з ім жа).

т. 5, с. 542

ГУ́СЕВА (Ларыса Нічыпараўна) (н. 8.8.1933, Мінск),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1966), дац. (1979). Скончыла БДУ (1955). У 1956—68 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1973—82 у БДУ (1968—72 у Нью-Йорку, 1982—88 у Аўстрыі). Друкуецца з 1964. Даследуе творчасць М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Чорнага, Я.​Брыля, сучасную прозу, традыцыі стараж. рус. і бел. л-р, пытанні тэксталогіі. Аўтар манаграфіі «Янка Брыль — мастак» (1968). Складальнік хрэстаматыі «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979, з Л.​Кароткай), метадычнага дапаможніка «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982, з Кароткай).

т. 5, с. 542

ГУСЕ́ЛЬНІКАВА (Ніна Іванаўна) (н. 2.10.1924, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. і рус. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1951). Скончыла Бел. кансерваторыю (1950). У 1949—52 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1952—64 — Вял. т-ра ў Маскве. На бел. сцэне стварыла пранікнёныя вобразы Марфы («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Антаніды («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Мікаэлы («Кармэн» Ж.​Бізэ), Джыльды, Віялеты («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Цэрліны («Фра-Д’ябала» Ф.​Абера), Разіны («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Аксаны («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Дуні («Марозка» М.​Красева). Лаўрэат конкурсу 2-га Сусв. кангрэсу студэнтаў (1950, Прага).

Б.​С.​Смольскі.

т. 5, с. 542

ГУ́СЕНІЧНЫ ХОД,

прыстасаванне (рухач) самаходных машын, асн. часткай якога з’яўляецца гусеніца. Гэта суцэльны метал. або гумаметал. ланцуг з шарнірна злучаных звёнаў, які прыводзіцца ў рух вядучымі коламі машыны. Гусеніца верціцца разам з коламі і апорнымі каткамі, падкладваецца пад іх і стварае бясконцы пуць з супраціўленнем руху значна меншым, чым на грунце. Вял. паверхня гусеніц забяспечвае нізкі ціск на глебу, павялічвае счапленне з грунтам і праходнасць машыны. Гусенічны ход выкарыстоўваецца ў трактарах, торфаўборачных і дарожных машынах, экскаватарах, трубаўкладчыках, снегаходах, танках, цягачах і інш.

Гусенічны ход трактара: 1 — накіроўнае кола; 2 — гусеніца; 3 — апорны каток; 4 — падтрымны каток; 5 — вядучае кола.

т. 5, с. 543

ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),

атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл. Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.

Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 5, с. 543