ГУЛЕ́ВІЧ Пятро Восіпавіч
(1870, в. Рудня Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 28.5.1957),
бел. казачнік. У маладосці сплаўляў лес па Сажы і Дняпры на Украіну. Расказваў казкі, перанятыя ад аднавяскоўцаў і ўкр. казачнікаў, пераважна пра асілкаў і сац.-бытавыя. У чарадзейных казках карыстаўся гіпербалізацыяй, паўторамі, канцоўкамі, у рэаліст. пазбягаў казачнай абраднасці, у анекдатычных ствараў трапныя характары, спалучаючы апавядальную і дыялагічную формы. На бел. мове расказваў рус. нар. казкі пра Еруслана Лазаравіча, Баву Каралевіча і Ілью Мурамца.
Тв.:
Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963;
Казкі // Беларускі эпас. Мн., 1959;
У кн.: Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.
т. 5, с. 527
ГУЛЕ́ВІЧ Станіслава Іосіфаўна
(н. 25.5.1925, в. Рудня-Стаўбунская Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. кансерваторыю (1956). У 1956—65 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1965 салістка Бел. філармоніі. Найб. вылучылася ў партыях Канчакоўны («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мадалены («Рыгалета» Дж.Вердзі). Сярод інш. партый: Ваня («Іван Сусанін» М.Глінкі), Дуняша, Няжата («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Паліна, Вольга («Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева) і інш. У канцэртным рэпертуары старадаўнія рамансы, бел. і інш. нар. песні.
І.І.Зубрыч.
т. 5, с. 527
ГУЛЕ́ВІЧ Уладзімір Сяргеевіч
(18.11.1867, г. Разань, Расія — 6.9.1933),
савецкі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Чл. Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), працаваў у ім. Навук. працы па біяхіміі мышачнай тканкі, азоцістым абмене, хіміі бялкоў. Адкрыў новыя азоцістыя злучэнні ў саставе мышцаў — карназін і карніцін (вітамін Bт). Аўтар першага дапаможніка па мед. хім. аналізе.
т. 5, с. 527
ГУЛЕ́ВІЧ Фёдар Фёдаравіч
(н. 14.8.1952, г. Маладзечна),
бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».
т. 5, с. 527
ГУЛЕ́ГІНА Марыя Агасаўна
(н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).
т. 5, с. 527
ГУЛЕ́ЙКА Васіль Рыгоравіч
(23.4.1893, в. Быстрыца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 8.7.1973),
генерал-лейтэнант артылерыі (1944). У арміі з 1915, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, ліквідацыі кранштацкага мяцяжу (1921). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: нач. штаба артылерыі арміі, нач. упраўлення артылерыі Карэльскага фронту. У 1943 — 46 нам. нач. штаба Гал. ўпраўлення камандуючага артылерыяй Сав. Арміі. Удзельнік вызвалення Мінска. Да 1951 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 527
ГУЛІ́ДАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Маргва, за 13 км на З ад г. Глыбокае. Пл. 0,27 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 3,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, параслі хмызняком, месцамі на Пд і Пн разараныя. Выцякае ручай у р. Маргва.
т. 5, с. 527
ГУ́ЛІС Ігар Міхайлавіч
(н. 16.11.1949, Мінск),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1972). З 1977 у БДУ. Навук. працы па фотафізічных працэсах у растворах і ізаляваных комплексах складаных малекул, метадах і апаратуры для лазерна-спектраскапічных даследаванняў. Распрацаваў метады атрымання звышкароткіх імпульсаў святла, якія перастройваюцца па частаце дыскрэтна ці неперарыўна. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Спектральные сдвиги при формировании ван-дер-ваальсовских комплексов ароматических молекул с атомами инертных газов // Журн. прикладной спектроскопии. 1996. Т. 63. № 1.
т. 5, с. 527