Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУБАРЭ́НКА Віталь Сяргеевіч

(н. 13.6.1934, г. Харкаў, Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1993). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1960). У 1961—72 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. Найб. плённа працуе ў муз.-сцэн. жанры. Сярод твораў: 12 опер, у т. л. «Помні мяне» (1977), «Сват паняволі» («Шальменка-дзяншчык», 1984), «Альпійская балада» паводле В.Быкава (1985), опера-балет «Вій» (1980), монаоперы «Пісьмы кахання» (1971) і «Адзіноцтва» (1993); балеты, у т. л. «Каменны ўладар» па матывах драмы Л.Украінкі (1969); 3 сімфоніі (1961—74); 4 камерныя сімфоніі (1967—94), канцэрты для інструментаў з аркестрам; вак. цыклы і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1984.

т. 5, с. 516

ГУБА́СЦІК

(Mimulus),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі вельмі рэдкі занесены від губасцік рабы (М. guttatus). Расце на вільготных лугах, балотах, у канавах, каля крыніц. Некат. віды губасціка выкарыстоўваюцца ў вазоннай культуры. Ёсць разнавіднасці з пунсовымі і стракатымі кветкамі, з мускусным пахам лісця.

Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або слаба разгалінаваным пустым сцяблом, з рызомамі або сталонамі ў ніжняй частцы. Лісце простае, супраціўнае, суцэльна-крайняе ці зубчастае. Кветкі буйныя або сярэдніх памераў, яркія, часта рабыя, жоўтыя, чырв., блакітныя і інш. колераў, адзіночныя ў пазухах лістоў або сабраныя ў рыхлае верхавінкавае гронкападобнае суквецце. Плод — шматнасенная двухгнездавая каробачка. Дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 516

ГУБА́ АВЕ́ЧАЯ,

грыб сям. скутыгеравых; тое, што бяляк.

т. 5, с. 514

ГУ́БЕР Аляксандр Андрэевіч

(1.4.1902, с. Каменка Чаркаскай вобл., Украіна — 16.6.1971),

савецкі гісторык-усходазнавец і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1966). Праф. (1935), д-р гіст. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1925). Працаваў у ін-тах гісторыі (1938—45, 1957—68), усеагульнай гісторыі (з 1968) і ўсходазнаўства (1950—56, у 1954—56 дырэктар) АН СССР. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (з 1937) і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (з 1946). Чл. Гал. рэдакцыі Сав. гіст. энцыклапедыі (з 1958). Гал. рэдактар час. «Новая и новейшая история» (1956—62). Віцэ-прэзідэнт (з 1965) і прэзідэнт (з 1970) Міжнар. к-та гіст. навук. Аўтар прац па гісторыі краін Паўд.-Усх. Азіі; адзін з аўтараў падручнікаў па гісторыі краін Азіі і Афрыкі для ВНУ.

Тв.:

Избр. труды. М., 1976.

т. 5, с. 516

ГУ́БЕР

(Huber) Роберт (н. 20.2.1937, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік. Чл. Баварскай АН (1988). Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1960). Працуе ў Ін-це біяхіміі імя М.Планка, з 1978 яго дырэктар. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў, у т. л. бялкоў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца фотасінтэзуючым рэакцыйным цэнтрам (1982, разам з І.Дайзенгоферам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 5, с. 516

ГУБЕРНА́ТАР

(ад лац. gubernator правіцель),

1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.

2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.

В.В.Швед.

т. 5, с. 516

ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,

калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют. Рэв. 1917.

А.М.Марыскін.

т. 5, с. 516

ГУБЕ́РНСКІЯ ВУЧО́НЫЯ АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ,

гл. ў арт. Архіўныя камісіі.

т. 5, с. 517

ГУБЕ́РНСКІЯ ПА СЯЛЯ́НСКІХ СПРА́ВАХ УСТАНО́ВЫ,

мясцовыя кіруючыя органы па правядзенні ў жыццё сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі. Утвораны неўзабаве пасля адмены прыгону. Разбіралі скаргі на дзеянні міравых пасрэднікаў і пав. міравых з’ездаў, зацвярджалі добраахвотныя пагадненні паміж памешчыкамі і сялянамі аб памяншэнні памераў надзелу, павышалі або паніжалі сял. павіннасці і інш. Падпарадкоўваліся непасрэдна міністру ўнутр. спраў. З утварэннем у 1889 у большасці губерняў Расіі інстытута земскіх участковых начальнікаў гэтым установам нададзены і суд. функцыі. У такой кампетэнцыі захоўваліся да Кастр. рэвалюцыі.

В.П.Панюціч.

т. 5, с. 517

«ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйныя газеты, што выдаваліся ў губернях і абласцях Рас. імперыі ў 1838 — 1917 на рус. мове. Перыядычнасць мянялася ад 1 да 6 разоў на тыдзень. У 1838 выдаваліся ў 42 (з 60) губ. цэнтрах. На Беларусі выходзілі «Белостокские областные ведомости» (1838—43), «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилёвские губернские ведомости». Мела афіц. і неафіц. (часам выдавалася самастойна) часткі. Матэрыялы рыхтавалі губ. стат. камісіі, пасля — губ. архіўныя камісіі і к-ты. Спынілі існаванне пасля Лют. Рэв. 1917.

С.В.Говін.

т. 5, с. 517