ГУБА́СЦІК
(Mimulus),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі вельмі рэдкі занесены від губасцік рабы (М. guttatus). Расце на вільготных лугах, балотах, у канавах, каля крыніц. Некат. віды губасціка выкарыстоўваюцца ў вазоннай культуры. Ёсць разнавіднасці з пунсовымі і стракатымі кветкамі, з мускусным пахам лісця.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або слаба разгалінаваным пустым сцяблом, з рызомамі або сталонамі ў ніжняй частцы. Лісце простае, супраціўнае, суцэльна-крайняе ці зубчастае. Кветкі буйныя або сярэдніх памераў, яркія, часта рабыя, жоўтыя, чырв., блакітныя і інш. колераў, адзіночныя ў пазухах лістоў або сабраныя ў рыхлае верхавінкавае гронкападобнае суквецце. Плод — шматнасенная двухгнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)