Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПОЛІНУКЛЕАТЫ́ДЫ,

тое, што нуклеінавыя кіслоты.

т. 12, с. 476

ПОЛІПЕПТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія маюць астаткі амінакіслот (ад 6—10 да некалькіх дзесяткаў). Умоўная мяжа паміж П. і бялкамі знаходзіцца ў вобласці малекулярнай масы 6000 (ніжэй за яе — П., вышэй — бялкі). Бялкі сінтэзуюцца на рыбасомах у выглядзе поліпептыдных ланцугоў і маюць адзін або некалькі такіх ланцугоў, кожны з якіх сінтэзуецца асобна, а потым злучаюцца паміж сабой (напр., гемаглабін). У арганізме П. ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў (аўтоліз тканак, страваванне і інш.) і пры біясінтэзе з амінакіслот. Простыя П. — крышталічныя рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, па фіз. і хім. уласцівасцях блізкія да амінакіслот. Складаныя П. — аморфныя, з вадой утвараюць калоідныя растворы. Многія прыродныя П. маюць біял. актыўнасць гармонаў, антыбіётыкаў і таксінаў. Сінт. П. выкарыстоўваюць у якасці мадэлей пры вывучэнні будовы і біял. актыўнасці бялкоў. Гл. таксама Пептыды.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 476

ПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад грэч. polyploos шматразовы + eidos від),

эўплаідыя, спадчынная змена, звязаная з кратным павелічэннем колькасці храмасом у клетках арганізма. Найб. часта бывае ў раслін і прасцейшых, са шматклетачных жывёл — у дажджавых чарвей. Узнікае ў выніку парушэння разыходжання храмасом у мітозе ці меёзе пад уздзеяннем высокай або нізкай т-ры, іанізавальнага выпрамянення, хім. рэчываў (у прыродзе і ў эксперыменце). Пры П. бываюць адхіленні ад дыплоіднай колькасці храмасом у саматычных клетках і ад гаплоіднай — у палавых; могуць таксама ўзнікаць клеткі, у якіх кожная храмасома прадстаўлена тройчы (3n — трыплоіды), 4 разы (4n — тэтраплоіды), 5 разоў (5n — пентаплоіды) і інш. Адрозніваюць аўтаполіплаідыю (кратнае павелічэнне колькасці набораў храмасом аднаго віду), характэрную пераважна для відаў з вегетатыўным спосабам размнажэння (аўтапаліплоіды стэрыльныя з-за парушэння кан’югацыі гамалагічных храмасом у працэсе меёзу) і алаполіплаідыю (змена колькасці набораў храмасом на аснове міжвідавой гібрыдызацыі, пры якой звычайна адбываецца падваенне колькасці храмасом у бясплоднага дыплоіднага гібрыда і ён становіцца пладавітым). П. мае важнае значэнне ў эвалюцыі культурных і дзікарослых раслін, а таксама некат. груп жывёл (пераважна партэнагенет.). Паліплоіды часта характарызуюцца буйнымі памерамі, павышанай колькасцю шэрагу рэчываў, устойлівасцю да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і інш. гасп. карыснымі адзнакамі. Яны з’яўляюцца важнай крыніцай зменлівасці і выкарыстоўваюцца як зыходны матэрыял для селекцыі (на аснове П. створаны высокаўраджайныя сарты с.-г. раслін, устойлівыя да хвароб). У шырокім сэнсе тэрмін «П.» азначае кратную (эўплаідыя) і някратную (анеўплаідыя) змены колькасці храмасом у клетках арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 476

ПОЛІПРАПІЛЕ́Н,

сінтэтычны тэрмапластычны палімер, прадукт полімерызацыі прапілену; адзін з найб. пашыраных поліалефінаў, [—CH(CH3)—CH2—]n. Высокамалекулярны крышт. П. упершыню атрыманы Дж. Ната ў 1954.

У прам-сці вырабляюць пераважна ізатактычны П., мал. м. (75—300) 10​3. Цвёрдае рэчыва белага колеру, шчыльн. 900—920 кг/м³, tпл 160—176 °C. Не раствараецца ў арган. растваральніках (пры t > 80 °C набракае ў іх). Вызначаецца высокай устойлівасцю да шматразовых выгінанняў і да сцірання. Характэрныя невысокія тэрма- і святлоўстойлівасць; макс. т-ра эксплуатацыі вырабаў з П. 120—140 °C. Выкарыстоўваюць для вырабу валокнаў (каля 40% П.), плёнак, труб, дэталяў машын, бытавых вырабаў і інш.

т. 12, с. 476

ПОЛІРЫТМІ́Я (ад полі... + рытм),

адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх рытмічных малюнкаў з неаднародным драбленнем пэўных метрычных адзінак (напр., у адным голасе дуёлі, у другім — трыёлі); у шырокім сэнсе — спалучэнне ў шматгалоссі розных рытмічных малюнкаў. Адна з пашыраных форм арганізацыі П. — поліметрыя. П. — неабходная ўмова поліфаніі, а таксама нарматыўная якасць класічнай і сучаснай музыкі. Уласціва музыцы розных нац. культур, у т. л. бел., заснаванай на сінтэзе класічных і народна-песенных тыпаў метрарытмічнай арганізацыі музыкі. У бел. музыцы найб. складаныя тыпы П. ёсць у некат. творах М.​Аладава, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, У.​Дамарацкага, А.​Мдывані, Ф.​Пыталева, Дз.​Смольскага, Л.​Шлег і інш.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 476

ПО́ЛІС (грэч. polis, лац. civitas),

горад-дзяржава; асаблівы тып ант. горада, грамадства і дзяржавы, ’які склаўся ў Грэцыі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. З’яўляўся асн. структураўтваральным звяном ант. грамадства на розных этапах яго развіцця: напачатку ў форме незалежнага горада-дзяржавы, потым як член міжполісных саюзаў, у эліністычна-рым. час састаўная ч. дзяржаў у выглядзе гар. аўтаномнай адзінкі. П. складаўся з гар. паселішча і с.-г. тэрыторыі (хоры). Уласнікамі зямлі маглі быць толькі паўнапраўныя члены П. Непаўнапраўныя (метэкі, перыэкі, вольнаадпушчанікі) займаліся пераважна рамяством і гандлем. Своеасаблівасцю поліснай абшчыны была высокая ўдзельная вага сярэдніх праслоек насельніцтва, адсутнасць маёмаснага расслаення, значная колькасць рабоў, таму ў гіст. л-ры грамадства П. вызначаецца як рабаўладальніцкае. Полісная дзяржава мела рэсп. лад з выбарчай сістэмай органаў улады і нар. сходам як формай прамога самакіравання народа. Дзярж. апарат кіравання складаўся з савета (кансультатыўныя і распарадчыя функцыі) і магістратаў (грамадз., ваен. і рэліг. ўлада). Розныя пласты грамадзян П. (землеўладальнікі, сяляне, рамеснікі, гандляры, парабкі) былі аб’яднаны агульнай назвай дэмас, якому супрацьстаялі перасяленцы з інш. П. (у Афінах — метэкі) і рабы. Дэмас праз галасаванне ў нар. сходзе зацвярджаў законы, выбіраў магістратаў, выконваў функцыі вышэйшай суд. інстанцыі, так узнікла паняцце «дэмакратыя», літаральна «ўлада дэмасу». Невял. колькасць насельніцтва П. (некалькі тыс. чал.) дазвалялі рэалізаваць прынцып прамога народапраўства., г. зн. што кіраванне ажыццяўлялася ўсёй абшчынай без якой-н. прадстаўнічай сістэмы. Як замкнутая сац. адзінка П. імкнуўся не толькі да поўнай паліт. незалежнасці (аўтаномія), але і да гасп. самастойнасці (аўтаркія). Рэгіянальная гасп. спецыялізацыя, забяспечанасць Эгейскага рэгіёна марскімі камунікацыямі звязала некалькі соцень грэч. П. у адзінае цэлае. Існавалі мірныя формы кантактаў паміж П. (гандл., дыпламат. і культ.) і ваен. (сімахіі — аб’яднанне армій і флатылій для сумесных ваен. дзеянняў). Самымі вядомымі ў гісторыі Грэцыі былі Афінскі марскі саюз і Пелапанескі саюз. У залежнасці ад паліт. ладу стараж. грэч. П. былі дэмакратычныя (Афіны) або алігархічныя (Спарта), аграрна-рамесніцкія (Афіны) ці гандл.-рамесніцкія (Карынф).

Літ.:

Фролов Э.Д. Рождение греческого полиса. Л., 1988;

Строгецкий В.М. Полис и империя в классической Греции. Н. Новгород, 1991;

Античная демократия в свидетельствах современников. М., 1996.

В.​І.​Ханкевіч.

т. 12, с. 476

ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

ПОЛІСІ́НДЭТАН,

(грэч. polysyndeton шматзлучнікавасць), тое, што шматзлучнікавасць.

т. 12, с. 477

ПОЛІСІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,

гл. ў арт. Інкарпараваныя мовы.

т. 12, с. 477

ПОЛІСПАРО́З ЛЁНУ, бурая плямістасць сцёблаў, ломкасць сцёблаў,

хвароба лёну, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду аўрэабазідый. Пашкоджвае сцёблы, лісце, насенныя каробачкі, насенне. Пашыраны на Беларусі ў раёнах ільнасеяння (найб. у гады з вільготным халодным летам). Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу, разносіцца ветрам, вадой, насякомымі-шкоднікамі (напр., ільнянымі блошкамі). На раслінах утвараюцца бурыя плямы, сцёблы робяцца кволымі, крохкімі, лёгка ламаюцца. Хворыя пасевы палягаюць, зніжаецца ўраджайнасць, пагаршаецца якасць валакна — яно траціць трываласць, дрэнна адстае ад кастрыцы.

Поліспароз лёну.

т. 12, с. 477