ПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад грэч. polyploos шматразовы + eidos від),
эўплаідыя, спадчынная змена, звязаная з кратным павелічэннем колькасці храмасом у клетках арганізма. Найб. часта бывае ў раслін і прасцейшых, са шматклетачных жывёл — у дажджавых чарвей. Узнікае ў выніку парушэння разыходжання храмасом у мітозе ці меёзе пад уздзеяннем высокай або нізкай т-ры, іанізавальнага выпрамянення, хім. рэчываў (у прыродзе і ў эксперыменце). Пры П. бываюць адхіленні ад дыплоіднай колькасці храмасом у саматычных клетках і ад гаплоіднай — у палавых; могуць таксама ўзнікаць клеткі, у якіх кожная храмасома прадстаўлена тройчы (3n — трыплоіды), 4 разы (4n — тэтраплоіды), 5 разоў (5n — пентаплоіды) і інш. Адрозніваюць аўтаполіплаідыю (кратнае павелічэнне колькасці набораў храмасом аднаго віду), характэрную пераважна для відаў з вегетатыўным спосабам размнажэння (аўтапаліплоіды стэрыльныя з-за парушэння кан’югацыі гамалагічных храмасом у працэсе меёзу) і алаполіплаідыю (змена колькасці набораў храмасом на аснове міжвідавой гібрыдызацыі, пры якой звычайна адбываецца падваенне колькасці храмасом у бясплоднага дыплоіднага гібрыда і ён становіцца пладавітым). П. мае важнае значэнне ў эвалюцыі культурных і дзікарослых раслін, а таксама некат. груп жывёл (пераважна партэнагенет.). Паліплоіды часта характарызуюцца буйнымі памерамі, павышанай колькасцю шэрагу рэчываў, устойлівасцю да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і інш. гасп. карыснымі адзнакамі. Яны з’яўляюцца важнай крыніцай зменлівасці і выкарыстоўваюцца як зыходны матэрыял для селекцыі (на аснове П. створаны высокаўраджайныя сарты с.-г. раслін, устойлівыя да хвароб). У шырокім сэнсе тэрмін «П.» азначае кратную (эўплаідыя) і някратную (анеўплаідыя) змены колькасці храмасом у клетках арганізма.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)