Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУМАНІТА́РНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ А́СПЕНА ІНСТЫТУ́Т

(англ. Aspen Institute for Humanistic Studies),

навуковы цэнтр па распрацоўцы шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Створаны ў 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Мае філіялы ў Берліне і Японіі. У складзе ін-та савет папячыцеляў (адм. орган), дырэктары праграм і спец. саветнікі (эксперты). Праводзіць пастаянна дзеючыя семінары для кіраўнікоў і супрацоўнікаў ін-та, распрацоўвае навук. праграмы і рэкамендацыі (у т. л. па праблеме гуманізму), рыхтуе спецыялістаў па спец. праграмах, выдае навук. працы. Каардынуе сваю дзейнасць з Корнелскім, Гарвардскім, Станфардскім ун-тамі, Масачусецкім тэхнал. ін-там (ЗША).

т. 5, с. 531

ГУ́МАР

(англ. humour),

від камічнага, які спалучае насмешку і спачуванне, знешне камічную трактоўку і ўнутр. дачыненне да таго, што ўяўляецца смешным. Лічыцца, што гумар — суб’ектыўная копія аб’ектыўнага камізму. Збліжаецца з інш. відамі камічнага — іроніяй і сатырай. Адлюстроўвае смешнае ў жыцці і чалавечых характарах; прадугледжвае ўменне бачыць узвышанае ў абмежаваным і малым, значнае ў смешным і недасканалым. Тэорыя гумару распрацавана ў эстэтыцы рамантызму ням. пісьменнікам Жанам Полем. Гумар бывае чуллівы, дабрадушны, сяброўскі, грубы, насмешлівы, зларадны, цынічны, мае нац. асаблівасці. Гумар — асн. элемент многіх твораў бел. л-ры і фальклору, неад’емны кампанент многіх літ. жанраў (камедыя, вадэвіль, байка, пародыя, фельетон і інш.).

т. 5, с. 531

ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.

У.М.Калюноў.

т. 5, с. 531

ГУМАРЭ́СКА

(ням. Humoreske ад Humor гумар),

1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.

2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.

Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).

У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.

Р.М.Аладава (музыка).

т. 5, с. 531

ГУ́МБАЛЬТ

(Humboldt) Аляксандр фон (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),

нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.

т. 5, с. 531

ГУ́МБАЛЬТА ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет у Кітаі, гл. Улан-Дабан.

т. 5, с. 531

ГУ́МБАЛЬТА ЦЯЧЭ́ННЕ,

гл. Перуанскае цячэнне.

т. 5, с. 531

ГУ́МЕЛЬ,

(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.Гілер, К.Чэрні, А.Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.

т. 5, с. 531

ГУМЕ́ЛЬНІЦА

(Gumelnita),

археалагічная культура меднага веку (4-е тыс. да н.э.) на тэр. Балгарыі, Румыніі, Малдовы; належыць да этнакультурнай вобласці фракійскага энеаліту. Назва ад паселішча з жытламі на нізкіх тэлях каля в. Гумельніца на левым беразе Дуная (Румынія). Сфарміравалася з неалітычных культур Баян і Хаманджыя. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на адкрытых і ўмацаваных паселішчах у глінабітных і каркасна-слупавых наземных жытлах, паўзямлянках. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах у скурчаным становішчы. Побач з касцянымі і крамянёвымі прыладамі выкарыстоўвалі вырабы з медзі і золата.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 531

ГУ́МЕН Фелікс Фёдаравіч

(н. 28.3.1941, в. Кальцова Амурскай вобл., Расія),

бел. мастак, адзін з пачынальнікаў Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1962), у 1965—74 выкладаў у ім. Аўтар эмацыянальна выразных, пераважна пленэрных, пейзажаў: «Сафійскі сабор у Полацку» (1967), «Наваполацк. Сонца над горадам» (1968), «Віцебскі дворык» (1975), «Ушацкія азёры» (1994), «Лагойшчына» (1995) і інш. Нацюрморты Гумена вылучаюцца дакладнай перадачай формы і фактуры рэчаў: «Кветкі шыпшыны» (1967), «Камбала» (1970), «Клопаты гаспадыні» (1972), «Атрыбуты мастацтва» (1974), «Дзьмухаўцы» (1982), «Нацюрмот» (1990), «Званочкі з яра» (1995) і інш. Для творчасці характэрны шырокая манера пісьма, сакавіты колер, кантрасты святла і ценю.

М.Л.Цыбульскі.

т. 5, с. 532