ГУМАРЭ́СКА (ням. Humoreske ад Humor гумар),

1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.

2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.

Першую гумарэску стварыў Р.​Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.​Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).

У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, У.​Алоўнікава, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, Я.​Дзягцярыка, С.​Картэса, П.​Падкавырава, Р.​Суруса, А.​Туранкова, У.​Чараднічэнкі, Л.​Шлег і інш.

Р.​М.​Аладава (музыка).

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)