Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.

Літ.:

Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;

Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 291

ПЕ́РАЦ (Piper),

род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.

П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.​Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).

Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.

Перац: 1 — чорны, 2 — струкавы.

т. 12, с. 291

ПЕРАЧАКА́НКА МАНЕ́ТЫ,

выкарыстанне ўстарэлых манет для вырабу манет новага ўзору. Звычайна звязана са зменай манетнай стапы. Адрозніваюць мэтанакіраваную П.м. (перараблялі вял. партыю манет цалкам) і дапаможную (для невял. іх колькасці). Перачаканеная манета вызначаецца па фрагментах старых выяў на аверсе і рэверсе, несупадзенні віду арнаменту. павялічаным дыяметры і меншай таўшчыні кружка. П.м. шырока ўжывалася ў Рас. імперыі ў 18 ст. для медных манет, стапа якіх на працягу стагоддзя мянялася 9 разоў. Спарадычна для П.м. ствараліся часовыя манетныя двары (гл. Полацкі манетны двор).

І.​І.​Сінчук.

т. 12, с. 292

ПЕРАШКОДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ у сістэмах сувязі,

здольнасць сістэмы (тэхн. прылады, апарата) функцыянаваць з зададзенай якасцю пры неспрыяльным уздзеянні перашкод. Ацэньваецца імавернасцю памылкі (у лічбавых сістэмах) або адносінамі сігнал/шум (у аналагавых).

Патрабаванні да П. розных сістэм залежаць ад віду паведамленняў, якія перадаюцца. Для вызначэння П. сістэмы спачатку вызначаюць П. асобных звёнаў сістэмы: прыёмніка пры зададзеным спосабе перадачы, сістэмы кадзіравання (ці сістэм мадуляцыі) пры зададзеным спосабе прыёму і інш. П. павышаюць рацыянальным канструяваннем апаратуры, выбарам формы сігналаў, віду мадуляцыі, спосабамі кадзіравання і селекцыі інфармацыі, якія дазваляюць адрозніваць карысны сігнал ад перашкоды, а таксама ўлікам асаблівасцей наўмысных (арганізаваных) перашкод і інш.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 292

ПЕРАШКО́ДЫ РАДЫЁПРЫЁМУ,

знешнія і ўнутраныя эл.-магн. ці эл. ўздзеянні на эл. ланцугі радыёпрыёмнай апаратуры і ўнутраныя ў іх эл. працэсы, якія перашкаджаюць правільнаму прыёму сігналаў. Праяўляюцца ў выглядзе пабочных гукаў у радыёпрыёмніку, скажэнняў відарысаў на экране тэлевізара і інш. Абмяжоўваюць якасць узнаўлення прынятага сігналу і далёкасць яго перадачы.

У залежнасці ад прычын узнікнення і відаў крыніц адрозніваюць касм., атм., індустр., а таксама перашкоды, абумоўленыя асаблівасцямі распаўсюджвання радыёхваль, работай інш. радыёстанцый, у т. л. спец. радыёперадатчыкаў, створаных для парушэння нармальнага дзеяння радыёпрыёмнікаў. Унутраныя П.р. абумоўлены ўнутранымі шумамі радыёапаратаў. Знешнія П.р. аслабляюць з дапамогай эл. фільтраў, экранавання ўстановак і інш., унутраныя — рацыянальным канструяваннем апаратаў і інш. сродкамі павышэння перашкодаўстойлівасці ў сістэмах сувязі.

т. 12, с. 292

ПЕРАШЧЭ́ПІНСКІ СКАРБ,

залатыя, сярэбраныя і інш. каштоўныя рэчы, знойдзеныя ў 1912 каля с. Малая Перашчэпіна (Палтаўская вобл., Украіна). Уключае: залаты і сярэбраны посуд сасанідскай і візантыйскай вытв-сці, конскі рыштунак, жал. шаблю з залатымі ножнамі, залатыя грыўню, бранзалеты, спражкі, пярсцёнкі, паясны набор, шкляны посуд і візант. манеты ад часоў імператараў Маўрыкія (582—602) да Канстанта II (641—668). Агульная вага залатых рэчаў каля 25 кг, сярэбраных — каля 50 кг. Адны даследчыкі лічаць П.с. інвентаром багатага пахавання качэўнікаў канца 7 — пач. 8 ст., другія — ваен. здабычай слав. правадыра, атрыманай у час паходу на Візантыю і ўхаванай у канцы 7 ст. Скарб захоўваецца ў Эрмітажы (С.-Пецярбург).

Перашчэпінскі скарб: 1 — сярэбранае блюда; 2 — залатая спражка; 3 — часткі залатога ўбранства мяча; 4 — залаты леў; 5 — сярэбраная пазалочаная амфара; 6 — сярэбраная ваза.

т. 12, с. 292

ПЕРАШЫ́ЕК,

адносна вузкая паласа сушы, якая злучае паміж сабой больш значныя яе часткі, напр., 2 мацерыкі (Панамскі П., Суэцкі П.), мацярык з паўвостравам (Перакопскі П.) ці раздзяляюць 2 вадаёмы (Карэльскі П.).

т. 12, с. 292

ПЕРАЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ,

хімічная рэакцыя, што прыводзіць да замены аднаго спіртавога ці кіслотнага астатку ў малекуле складанага эфіру на другі; адзін са спосабаў атрымання складаных эфіраў. Адбываецца пры ўзаемадзеянні эфіру са спіртам (алкалоліз), карбонавай к-той (ацыдоліз) ці інш. складаным эфірам (падвойны абмен) у прысутнасці каталізатара (алкагаляты, шчолачы, саляная к-та і інш.). Выкарыстоўваюць у прам-сці для атрымання полікарбанатаў, тэрэфталатаў, метылавага і бутылавага эфіраў вышэйшых тлустых кіслот, а таксама для сінтэзу складаных эфіраў, якія нельга атрымаць этэрыфікацыяй (напр., вінілавыя эфіры вышэйшых кіслот).

т. 12, с. 292

ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,

сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г. Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.​Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).

т. 12, с. 292

ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,

горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс. ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л. гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.

Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.​Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).

т. 12, с. 292