ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,
горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс. ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л. гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
т. 12, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)