Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́МА ((Lima) Жоржы ды) (23.4.1895, г. Уніян-дус-Пальмарыс, Бразілія — 15.11. 1953),

бразільскі пісьменнік. Скончыў ун-т Баія (1912). Д-р медыцыны (1916). Дэбютаваў зб. вершаў «Александрыны» (1914). Лепшыя паэт. зб-кі «Негрыцянка Фула» (1928), «Новыя вершы» (1929) напісаны на аснове браз. фальклору. У 1930-я г. звярнуўся да рэлігіі (зб. «Час і вечнасць», з М.Мендэсам, 1935). У рамане «Анёл» (1934) адчувальны ўплыў сюррэалізму, у рамане «Калунга» (1935) — рэаліст. тэндэнцыі. Асн. тэмы твораў — жыццё вёскі, нар. побыт. Аўтар паэт. зб-каў «Кніга санетаў» (1949), «Паэтычныя творы» (1950), паэм «Абвяшчэнне і сустрэча Міра-Селі» (1950), «Адкрыццё Арфея» (ч. 1, 1952).

т. 9, с. 259

ЛІМА́Н (ад грэч. limēn гавань, бухта),

1) выцягнуты малаводны заліў са звілістымі невысокімі берагамі (ліманны тып берага). Утвараецца пры падтапленні морам вусцевых частак раўнінных рэк або прыбярэжных паніжэнняў сушы. Бываюць адкрытыя ў бок мора і закрытыя, аддзеленыя ад мора касой, перасыпам. Звычайна ў закрытых Л. высокая канцэнтрацыя солей у вадзе, часам ёсць лячэбныя гразі. Характэрны для паўн. берагоў Чорнага м. 2) Натуральныя або штучныя намнажэнні вады вясной у паніжэннях у выглядзе мелкаводных азёр, якія летам перасыхаюць і ператвараюцца ў лугі. Выкарыстоўваюцца ў мэтах вільгацезарадкі глебы.

т. 9, с. 259

ЛІМАНІ́Т (ад грэч. leimōn луг),

аморфная або схаванакрышталічная сумесь гідраксідаў жалеза — гётыту, гідрагётыту, гідрагематыту, лепідакракіту з дамешкамі інш. мінералаў. Колер буры да жоўтага. Цв. 1—5,5. Шчыльн. 2,7—4,3 кг/м³. Паходжанне гіпергеннае або асадкавае. Развіты ў зонах акіслення рудных радовішчаў, латэрытных корах выветрывання, у асадкавых адкладах. Трапляецца ў выглядзе бурых зямлістых або нацёчных мас. Намнажэнні Л. ўтвараюць радовішчы жалезных руд высокай якасці. Трапляецца ў складзе бурых жалезнякоў, балотнай руды.

В.І.Ярцаў.

т. 9, с. 259

ЛІМАНО́ЎСКІ ((Limanowski) Баляслаў) (30.10.1835, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1.2.1935),

польскі гісторык, сацыёлаг, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім (1854—58), Дэрпцкім (1858—60), Львоўскім (1872—73) ун-тах. За арганізацыю антыўрадавай маніфестацыі ў Вільні (1861) арыштаваны, у 1861—67 у ссылцы. З 1870 у Львове, устанавіў сувязь з першымі сацыяліст. гурткамі. З 1878 у эміграцыі, пераважна ў Швейцарыі. У 1881 заснаваў арг-цыю «Люд польскі». Адзін з ідэолагаў і арганізатараў (1892) Польскай сацыяліст. партыі (ПСП). Пасля расколу ў партыі (1906) падтрымаў яе рэв. фракцыю. У 1-ю сусв. вайну падтрымліваў дзейнасць легіёнаў польскіх і Ю.Пілсудскага. У 1922—35 сенатар. Даследаваў гісторыю польскага нац.-вызв. руху 19 ст. Сярод прац: «Аб рабочым пытанні» (1871), «Гісторыя польскай дэмакратыі...» (1901), «Гісторыя паўстання польскага народа 1863 і 1864 г.» (2-е выд. 1909), «Стодваццацігадовая барацьба польскага народа за незалежнасць» (1916), «Сацыялогія» (ч. 1—2, 1919—21).

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 260

ЛІМАНО́ЎСКІ (Янка) (Іван Міхайлавіч; 1896, Дзісеншчына — ?),

бел. пісьменнік. Скончыў рэальнае вучылішча, вучыўся на агр. курсах. У 1915—17 у арміі, у 1919—20 у Чырв. Арміі. У 1920—30-я г. працаваў у Наркамаце земляробства БССР, чл. прэзідыума секцыі бел. мовы і л-ры Інбелкульта, Цэнтр. бюро літ. аб’яднання «Маладняк», адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Працаваў нам. дырэктара Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, дырэктарам 2-га Бел. дзярж. т-ра ў Віцебску. Рэдагаваў газ. «Камуніст» (Бабруйск). У час ням фаш. акупацыі Беларусі заг. літ. часткі Мінскага гар. т-ра. З 1944 у Германіі, потым у ЗША. У 1951—55 дырэктар управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Друкаваўся з 1920. Аповесці «Адшуканы скарб» (1925), «Два шляхі» (1926), «Вецер з усходу», «Над абрывам» (абедзве 1928) пра станаўленне сав. улады на Беларусі. Пасля вайны ад літ. творчасці адышоў.

Э.А.Карніловіч.

т. 9, с. 260

ЛІМАСО́Л (Limassol),

Лемесос, горад на Пд Кіпра. Адм. ц. акругі Лімасол. Каля 120 тыс. ж. (1995). Асн. экспартны порт. Вузел аўтадарог. Цэнтр. вытв-сці він і каньяку. Прам-сць: тэкст., швейная, буд. матэрыялаў. Археал. музей. Арх. помнікі 13—17 ст.

т. 9, с. 260

ЛІМАЦЫ́ДЫ,

тое, што малюскацыды.

т. 9, с. 260

ЛІ́МА БАРЭ́ТУ ((Lima Barreto) Афонсу Энрыкіс ды) (13.5.1881, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 1.11.1922),

бразільскі пісьменнік. У раманах «Запіскі архіварыуса» (1909), «Сумны канец Палікарпу Кварэзмы» (1915), «Жыццё і смерць Ганзагі ды Са» (1919), «Клара дус Анжус» (1923—24) адлюстраваў жыццё дробнай буржуазіі, чыноўнікаў, гар. беднаты. Аўтар зб. апавяд. «Гісторыя і мары» (1920), крытычных артыкулаў. Яго творам уласціва спалучэнне псіхалагізму з гратэскавай сатырай. Паўплываў на развіццё рэаліст. сац.-псіхал. браз. рамана.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Под небом Южного креста: Браз. новелла XIX—XX вв. М., 1968.

Літ.:

Тертерян И.А. Бразильский роман XX в. М., 1965.

т. 9, с. 259

ЛІМБ (ад лац. limbus пруг, шляк, аблямоўка),

плоскае кольца, падзеленае на роўныя долі акружнасці (градусы, мінуты, секунды). Служыць для адліку вуглоў у вугламерных інструментах, астр., геад., фіз. прыладах, прыцэльных прыстасаваннях зброі. Л. наз. таксама бачны край дыска Сонца, Месяца, планеты.

т. 9, с. 260

ЛІМІ́Т [ад лац. limes (limitis) мяжа],

гранічная норма (сродкаў, часу і г.д.); вызначанае колькаснае абмежаванне на куплю, продаж, крэдыт, аб’ёмы здзелак, увоз і вываз тавараў, здабычу карысных выкапняў, выкарыстанне крэдытных рэсурсаў, узровень аплаты працы, валютных аперацый і інш.

т. 9, с. 260