Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРКІ́З (франц. marquis, ісп. marqués),

1) у раннесярэдневяковай імперыі Каралінгаў тое, што маркграф.

2) У сярэдневяковых Францыі і Італіі (з 10 ст.) буйны феадал, які паводле тагачаснай іерархіі знаходзіўся паміж герцагам і графам.

3) Спадчынны дваранскі тытул (паміж князем і графам) у Францыі, Іспаніі, Італіі.

т. 10, с. 118

МАРКІЗЕ́Т (франц. marquisette),

лёгкая, тонкая, празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна палатнянага перапляцення. Вырабляюць з вельмі тонкай кручанай пражы. З М. шыюць летнія сукенкі, блузкі, жаночую бялізну і да т.п.

т. 10, с. 118

МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),

архіпелаг у цэнтр. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.

т. 10, с. 119

МА́РКІН (Пётр Аляксандравіч) (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.​Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага), Дорн («Чайка» А.​Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.​Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.​Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.​Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.​Ранета (1958) і інш.

т. 10, с. 119

МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),

бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.

Беларусі (1976). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.​Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.​Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.​Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.​Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Г.П.Маркіна.
Г.Маркіна ў ролі матухны Кураж.

т. 10, с. 119

МАРКІНЯ́ТЫ,

курганны могільнік 10—12 ст. каля в. Маркіняты Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены рэшткі пахаванняў на грунце і ў гаршках, а таксама сякеры, ромбападобныя і ланцэтападобныя наканечнікі коп’яў, нажы, шпоры, спражкі, бронзавыя ўпрыгожанні, дэталі конскай збруі. М. адносіцца да культуры ўсх.-літ. курганоў.

А.​Г.​Калечыц.

т. 10, с. 119

МАРКІРО́ЎНЫ ГАРЫЗО́НТ, апорны гарызонт,

слой (пласт) у тоўшчах горных парод з устойлівымі адметнымі прыкметамі (літалагічны састаў, колер, зярністасць, мінер. ўключэнні, праслоі, арган. рэшткі і інш.). Важнейшы элемент пры геал. карціраванні, карэляцыі разрэзаў, дэшыфраванні аэрагеал. фотаздымкаў.

т. 10, с. 119

МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),

дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т. л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.

т. 10, с. 119

МАРКІЯ́НАВІЧ Васіль, бел. мастак 18 ст. Напісаў абраз «Дэісус» (1758, захоўваецца ў Нац. маст. музеі Беларусі). Мяркуюць, што М. — аўтар абразоў «Благавешчанне» і «Пакровы» (абодва 1761), «Маці божая Адзігітрыя — Ушэсце» (1766; двухбаковы), «Тройца».

т. 10, с. 119

МАРКО́НІ ((Marconi) Гульельма) (25.4. 1874, г. Балоння, Італія — 20.7.19 37),

італьянскі фізік, інжынер і прадпрымальнік. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1912), з 1930 яе прэзідэнт. З 1894 у Італіі, а потым у Англіі праводзіў доследы па практычным выкарыстанні эл.-магн. хваль. У 1896 падаў заяўку, у 1897 атрымаў патэнт на вынаходства спосабу бяздротавага тэлеграфавання (прынцып дзеяння сістэмы электрасувязі і схема радыёпрыёмніка М. былі тоеснымі тым, што 7.5.1895 прадэманстраваў А.С.Папоў, апублікаваныя ў жніўні 1895 і студзені 1896). У 1897 М. арганізаваў акц. т-ва і дасягнуў шырокага выкарыстання новага спосабу сувязі. У 1901 устанавіў радыёсувязь праз Атлантычны акіян. Нобелеўская прэмія 1909 (разам з ням. фізікам К.​Браўнам).

т. 10, с. 119