МА́РКІН (Пётр Аляксандравіч) (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрні тэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.​Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага), Дорн («Чайка» А.​Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.​Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.​Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.​Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.​Ранета (1958) і інш.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)