МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),

дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т.л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)