Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАКСІ́МАВА (Кацярына Сяргееўна) (н. 1.2.1939, Масква),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Жонка У.Васільева. Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958, педагог Л.Герт), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980). У 1958—88 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1982 выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. З 1990 балетмайстар-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца. Выступала ў спектаклях маскоўскага Дзярж. т-ра класічнага балета і інш., у т. л. замежных, трупах. Яе творчасць адметная віртуознай тэхнікай, вытанчанай мяккасцю ліній, глыбокім псіхалагізмам. Выканала партыі Машы, Аўроры, Адэты—Адыліі («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Фрыгіі («Спартак» А.​Хачатурана), Эолы («Ікар» С.​Сланімскага), Шуры Азаравай («Гусарская балада» Ц.​Хрэннікава), Анюты («Анюта» на муз. В.​Гаўрыліна), Кацярыны, Папялушкі, Джульеты («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кігры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Музы («Паганіні» на муз. С.​Рахманінава), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева). Знялася ў тэлевізійных балетах, тэлефільмах-канцэртах, маст. фільме-оперы «Травіята» (1982) і інш. Як драм. актрыса выступіла ў маст. фільме «Фуэтэ» (1986), монаспектаклі «Песня песняў» паводле «Бібліі» (1990, 1994) і інш. Творчасці М. і Васільева прысвечаны тэлефільмы «Дуэт» (1973), «І засталося, як заўсёды, недавыказанае штосьці...» (1990), франц. відэафільм «Каця і Валодзя» (1989). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1957), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964). Прэміі Г.​Паўлавай (1969) і М.​Петыпа (1972; Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1981. Дзярж. прэмія Расіі 1991.

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Константинова М. Е.​Максимова. М., 1982;

Белова Е. Ракурсы танца: Телевизионный балет. М., 1991.

Л.​А.​Сівалобчык.

К.Максімава ў ролі Папялушкі.

т. 9, с. 544

МАКСІ́МАВА (Ларыса Паўлаўна) (н. 29.5.1939, г. Віцебск),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. кансерваторыю (1964, клас Р.Шаршэўскага). З 1964 канцэртмайстар Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі Выступае з вядучымі інструменталістамі і вакалістамі рэспублікі, інстр. калектывамі, у т. л. з ансамблем «Кантабіле», асаблівую ўвагу аддае прапагандзе бел. музыкі. Зрабіла шмат запісаў для тэлебачання і радыё. Аўтар і вядучая цыклаў канцэртаў «Рамантычная песня 19 ст.» ў зале камернай музыкі Бел. філармоніі (1990—94), праграмы «У пошуках гармоніі» на Бел. тэлебачанні (з 1997). У 1989—93 працавала ў артыстычным бюро Р.​Рааба ў Венскай дзярж. оперы.

Муз. кіраўнік праграмы «Вянок няздзейсненых мар» на фестывалі. прысвечаным 170-годдзю з дня смерці Л.​Бетховена (1997, Бон).

т. 9, с. 545

МАКСІ́МАВІЧ (Дзесанка) (16.5.1898, Рабравіца, каля г. Валева, Сербія — 11.2.1993),

сербская пісьменніца. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1965). Скончыла Бялградскі ун-т (1924). Дэбютавала ў 1920. Ранняй лірыцы (зб-кі «Вершы», 1924; «Зялёны віцязь», 1930; «Баль на лузе», 1932) уласціва цэльнасць светаадчування, увасобленая праз глыбокія і шчырыя пачуцці і выказаная тонка, натуральна і проста. У паэзіі пазней шага часу (зб-кі «Паэт і родны край», 1946; «Водар зямлі», 1955; «Прашу памілавання», 1964, «Не маю больш часу», 1973; «Слова пра любоў», 1984; «Бузіновая дудка», 1993) узмацніліся грамадз. матывы; асн. тэмы твораў — гіст. лёс народа і Айчыны. Аўтар раманаў «Адчыненае акно» (1954), «Не забыцца» (1969), зб-каў апавяданняў, кніг для дзяцей, перакладаў. На бел. мову асобныя яе вершы перакладалі Э.​Агняцвет, Н.​Гілевіч, Я.​Сіпакоў, І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;

У кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;

У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1971;

Избранное. М., 1977;

Слово о любви. М., 1988.

І.​А.​Чарота.

т. 9, с. 545

МАКСІМАЛІ́СТЫ, эсэры-максімалісты,

палітычная плынь у рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) у 1904—12 і 1917—20. Узніклі ў 1904, арганізацыйна аформіліся ў «Саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў» у кастр. 1906 Кіраўнікі Ф.​Я.​Святлоў, М.​І.​Сакалоў, М.​І.​Рыўкін і інш. У 1905—07—2—2,5 тыс., у 1917 каля 3 тыс. чл. Друкаваныя органы — газеты «Вольный дискуссионный листок», «Трудовая республика» і інш. Выступалі за неадкладны сац. пераварот, ажыццяўленне эсэраўскай праграмы-максімум (адсюль назва): сацыялізацыю зямель, фабрык, заводаў. Асн. тактыка — індывід. тэрор і экспрапрыяцыі. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічалі арг-цыі М. у Віцебску, Гомелі, Гродне, Пінску, Слоніме. У 1912 М. часова спынілі дзейнасць, аднавілі яе пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Блакіраваліся з левымі эсэрамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у працы 2—7-га з’ездаў Саветаў і ВЦВК, але выступалі супраць дыктатуры пралетарыяту і Брэсцкага міру 1918. Частка іх удзельнічала ў антыбальшавіцкіх мяцяжах. У 1919 «Саюз» М. раскалоўся: большасць арг-цый выступіла за супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка, у т. л. Аршанская арг-цыя, засталася на антыбальшавіцкіх пазіцыях. У маі 1920 арг-цыя М. самаліквідавалася, частка яе членаў уступіла ў РКП(б).

Літ.:

Жуков А.Ф. Идейно-политический крах эсеровского максимализма. Л., 1979;

Павлов Д.Б. Эсеры-максималисты в первой российской революции. М., 1989.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 545

МАКСІ́МАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (16.2.1874, С.-Пецярбург — 4.12.1928),

расійскі гістолаг. Скончыў Ваен.-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1896, у 1903—22 праф.). З 1928 праф. Чыкагскага ун-та (ЗША). Навук. працы па гісталогіі злучальнай тканкі і гістагенезе крыві. Стварыў тэорыю гістагенезу крыві, зрабіў класічнае абагульненне звестак па злучальных і крывятворных тканках. Правёў эксперым. даследаванні злучальнай тканкі пры запаленнях, паказаў значэнне свабодных макрафагаў (назваў іх палібластамі).

т. 9, с. 545

МАКСІ́МАЎ Ігнацій, бел. майстар-цаніннік 17 ст. Жыў і працаваў у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 1654 (ці 1655) узяты патрыярхам Ніканам у Валдайскі Іверскі манастыр, дзе наладзіў упершыню ў Расіі выраб паліхромнай кафлі. З 1658 працаваў з Палубесам. З 1666 майстар Маскоўскай Аружэйнай палаты. Удзельнічаў у аздабленні Васкрасенскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674), царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) у Маскве і інш.

т. 9, с. 545

МАКСІ́МАЎ (сапр. Ліповіч) Марк Давыдавіч

(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),

расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед. ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.​Жук, М.​Калачынскі, Г.​Кляўко, Я.​Семяжон.

Тв.:

Избранное. М., 1982.

Г.​Е.​Барысаў.

т. 9, с. 545

МАКСІ́МАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (21.3.1880, Масква —9.5.1952),

расійскі батанік, адзін з заснавальнікаў экалагічнай фізіялогіі раслін. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Пецярб. ун-т (1902). З 1917 праф. ВНУ у гарадах Тбілісі, Краснадар, Петраград, Саратаў, Масква. З 1939 у Ін-це фізіялогіі раслін АН СССР (з 1946 дырэктар). Навук. працы па мароза- і засухаўстойлівасці, штучным асвятленні, фотасінтэзе, дыханні, развіцці і росце раслін. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1930.

Тв.:

Избранные работы по засухоустойчивости и зимостойкости растений. Т. 1—2. М., 1952;

Краткий курс физиологии растений. 9 изд. М., 1958.

М.А.Максімаў.

т. 9, с. 545

МАКСІ́МАЎ (Уладзімір Емяльянавіч) (сапр. Самсонаў Леў Аляксандравіч; 27.11.1930, Масква — 26.3.1995),

расійскі пісьменнік, публіцыст. З 1974 у эміграцыі. Жыў у Парыжы, Бруселі. Гал. рэдактар час. «Континент» (1974—92). Друкаваўся з 1952. Аповесць «Жывы чалавек» (1962; інсцэніроўка 1965) пра падлетка, які апынуўся пасля арышту бацькі па-за грамадствам. У раманах «Сем дзён тварэння» (1971), «Каранцін» (1973) драматызм штодзённага жыцця ва ўмовах сав. рэчаіснасці, зварот да хрысціянскага ідэалу. Раманы «Зазірнуць у бездань» пра адмірала Калчака, «И аз воздам» (абодва 1986) пра лёс казакоў і Расіі. Аўтар зб-ка вершаў і паэм «Пакаленне на варце» (1956), апавяданняў і аповесцей «Мы абжываем зямлю» (1961), «Як у садзе пры даліне» (1993), раманаў «Каўчэг для няпрошаных» (1976), «Качаванне да смерці» (1994), п’есы «Пазыўныя тваіх паралелей» (1964), аўтабіягр. кн. «Развітанне з ніадкуль» (кн. 1—2, 1974—82), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1991—93;

Избранное. М., 1994.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 546

МАКСІ́МАЎ (Юрый Леанідавіч) (н. 2.8. 1925, г. Ульянаўск, Расія),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р біял. н. (1970), праф. (1979). Засл. дз. нав. Беларусі (1995). Скончыў Ульянаўскі с.-г. ін-т (1950). З 1973 у БСГА (у 1981—84 прарэктар, да 1995 заг. кафедры). Навук. працы па біялогіі ўзнаўлення, штучнага апладнення і развядзення с.-г. жывёл. Распрацаваў навук. абгрунтаванне падбору пар жывёл для атрымання эфекту гетэрозісу, імуналагічныя метады тэстыравання спалучальнасці вытворнікаў.

Тв.:

Влияние окисленного жира и антиоксидантов на продуктивность и воспроизводительные функции с.-х. животных. Горки, 1983 (разам з Н.​І.​Максімавай);

Прогнозирование сочетаемости родительских пар при индивидуальном подборе (у сааўт.) // Доклады ВАСХНИЛ. 1990. № 12.

т. 9, с. 546