МАКСІ́МАВА (Кацярына Сяргееўна) (н. 1.2.1939, Масква),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Жонка У.Васільева. Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958, педагог Л.Герт), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1980). У 1958—88 салістка Вял. т-ра ў Маскве. З 1982 выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. З 1990 балетмайстар-рэпетытар Т-ра балета Дзярж. Крамлёўскага палаца. Выступала ў спектаклях маскоўскага Дзярж. т-ра класічнага балета і інш., у т. л. замежных, трупах. Яе творчасць адметная віртуознай тэхнікай, вытанчанай мяккасцю ліній, глыбокім псіхалагізмам. Выканала партыі Машы, Аўроры, Адэты—Адыліі («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Фрыгіі («Спартак» А.​Хачатурана), Эолы («Ікар» С.​Сланімскага), Шуры Азаравай («Гусарская балада» Ц.​Хрэннікава), Анюты («Анюта» на муз. В.​Гаўрыліна), Кацярыны, Папялушкі, Джульеты («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кігры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Музы («Паганіні» на муз. С.​Рахманінава), Марыі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева). Знялася ў тэлевізійных балетах, тэлефільмах-канцэртах, маст. фільме-оперы «Травіята» (1982) і інш. Як драм. актрыса выступіла ў маст. фільме «Фуэтэ» (1986), монаспектаклі «Песня песняў» паводле «Бібліі» (1990, 1994) і інш. Творчасці М. і Васільева прысвечаны тэлефільмы «Дуэт» (1973), «I засталося, як заўсёды, недавыказанае штосьці...» (1990), франц. відэафільм «Каця і Валодзя» (1989). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1957), Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964). Прэміі Г.​Паўлавай (1969) і М.​Петыпа (1972; Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1981. Дзярж. прэмія Расіі 1991.

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Константинова М. Е.​Максимова. М., 1982;

Белова Е. Ракурсы танца: Телевизионный балет. М., 1991.

Л.​А.​Сівалобчык.

К.Максімава ў ролі Папялушкі.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)