Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАСА́ДЫ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Пліса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад г. Барысаў, 65 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Пралетарская Перамога. 509 ж., 162 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 287

ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.​Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс. чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.

Тв.:

Соч. М.; Л., 1956.

Літ.:

Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.

т. 12, с. 287

ПЕРАСВЯТО́Е,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 7 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 48 км ад Гомеля. 566 ж., 206 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 287

ПЕРАСЕ́КІНА (па мужу Бажутава) Таіса Васілеўна

(н. 7.7.1941, г. Краснаармейск Саратаўскай вобл., Расія),

бел. спартсменка (самалётны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1967). З 1969 у Мінскім аб’яднаным авіяатрадзе Бел. ўпраўлення грамадз. авіяцыі. Чэмпіёнка свету ў адвольным комплексе, сярэбраны прызёр па вышэйшым пілатажы ў мнагабор’і (1966, Масква). Абс. чэмпіёнка СССР па вышэйшым пілатажы (1965, 1966).

т. 12, с. 287

ПЕРАСЛА́ЎЛЬ-ЗАЛЕ́СКІ,

горад, раённы цэнтр у Яраслаўскай вобл., на воз. Пляшчэева, у вусці р. Трубеж. Засн. ў 1152. Нас. 44,8 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: хім. (вытв-сць магнітнай стужкі, фотапаперы), харч., лёгкая. Аўтаматорны і цагельны з-ды, мэблевая ф-ка.

У цэнтры горада захаваліся земляныя валы стараж. ўмацавання, 4-стаўповы 1-купальны Спаса-Праабражэнскі сабор (1152—60), шатровая царква Пятра Мітрапаліта на Гасударавым двары (1585), барочныя 5-купальныя цэрквы Уладзімірская (1745) і Аляксандра Неўскага (1746), класіцыстычныя асабняк Цямерыных (2-я пал. 18 ст.), мемар. сядзіба «Боцік» (1803) з абеліскам у гонар Пятра I і будынкам музея. Ансамблі манастыроў: Троіца-Данілаў (16—18 ст.; сабор 1530—32, размалёўкі 17 ст.), Нікіцкі (16—19 ст., сабор 1561—64, галерэі 17 ст.), Фёдараўскі (16—19 ст.; сабор 16 ст.), Горыцкі (17—18 ст.; праезныя Святыя вароты 17 ст.). Помнік Аляксандру Неўскаму (1958, скульпт. С.​Арлоў, арх. Л.​Капіца). Гіст.-мастацкі музей. Каля П.-З. — Шаляпінка, сядзіба Ф.​І.​Шаляпіна. Турызм.

Літ.:

Иванов К.И., Пуришев И.Б. Переславль-Залесский: Путеводитель по городу и окрестностям. Ярославль, 1986;

Переславль-Залесский: Путеводитель по ист. и архит. памятникам. М., 1989.

Г.​В.​Прыбытка (архітэктура).

Пераслаўль-Залескі. Спаса-Праабражэнскі сабор. 1152—60.

т. 12, с. 287

ПЕРАСЛА́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

другая назва Пляшчэева возера ў Яраслаўскай вобл. Расіі.

т. 12, с. 288

ПЕРАСМЕ́ШКІ (Hippolais),

род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах, хмызняках, парках, садах, скверах. На Беларусі 1 від — П. зялёная, або пеначка-перасмешка (H. icterina). Звычайны пералётны і пралётны від. Гнёзды на дрэвах ці кустах.

Даўж. да 16 см, маса да 15 г. Гукі песень самцоў запазычаны ў інш. птушак (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, ягадамі. Адкладваюць да 6 яец.

Перасмешка зялёная.

т. 12, с. 288

ПЕРАСО́ЎНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

пераважна цеплавая электрастанцыя, размешчаная на шасі аўтамабіля, прычэпе, чыг. платформе, судне і інш. Выкарыстоўваецца ў раёнах, аддаленых ад энергасістэм.

Бываюць малой (да 10 кВт), сярэдняй (10—150 кВт) і вял. (больш за 150 кВт) магутнасці; даюць пастаянны, адно- або трохфазны пераменны ток частатой 50, 400 Гц і больш. Найб. пашыраны дызельныя электрастанцыі (магутнасць да 150 кВт) і энергапаязды з дызель-электрычнымі агрэгатамі (5—10 МВт і больш).

т. 12, с. 288

ПЕРАСО́ЎНІКІ,

мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас. маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.​Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.​Мясаедава, М.​Ге, В.​Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.​Архіпаў, В.​Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.​Жукоўскі, С.​Іванаў, С.​Каровін, М.​Касаткін, А.​Куінджы, І.​Левітан, У.​Макоўскі, В.​Паленаў, І.​Пранішнікаў, І.​Рэпін, А.​Саўрасаў, К.​Савіцкі, В.​Сурыкаў, В.​Сяроў, І.​Шышкін, М.​Ярашэнка і інш. Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус. рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.​Бялінскага і М.​Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.​Стасава, матэрыяльная падтрымка П.​Траццякова.

П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.​Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразы рус. нар. казак і паданняў (творчасць В.​Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г. жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіцця рэаліст. мастацтва.

Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.​В.​Неўрава.

Літ.:

Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;

Гомберг-Вержбинская Э.П. Передвижники. 2 изд Л., 1970;

Орлова МА Передвижники и развитие реалистического искусства в Белорусии // Художники-передвижники. М., 1975;

Минченков А.Д. Воспоминания о передвижниках. 6 изд. Л., 1980.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Перасоўнікі. В.​Сурыкаў. Баярыня Марозава. 1887.

т. 12, с. 288

ПЕРАСТАНО́ЎКА, з n элементаў,

размяшчэнне гэтых элементаў у якім-н. парадку. Усяго існуе n! = 1∙2∙3∙ ... ∙n розных П. Гл. таксама Камбінаторны аналіз.

т. 12, с. 288