Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕНТОЗАФАСФА́ТНЫ ЦЫКЛ, пентозны шлях. гексозамонафасфатны шунт,

паслядоўнасць ферментатыўных рэакцый акіслення глюкоза-6-фасфату да вуглякіслага газу і вады. Адбываецца ў цытаплазме жывых клетак і суправаджаецца ўтварэннем адноўленага каферменту нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ∙H).

Агульнае ўраўненне П.ц.: 6 глюкоза-6-фасфат + 12 НАДФ = 6 CO2 + 12 НАДФ∙H + 12H​+ + 5 глюкоза-6-фасфат + H3PO4. Звычайна не выкарыстоўваецца клеткай для атрымання энергіі, таму што не з’яўляецца асн. шляхам абмену глюкозы. Біял. значэнне П.ц. — забеспячэнне клеткі адноўленым НАДФ, неабходным для біясінтэзу тлустых к-т, халестэрыну, стэроідных гармонаў, пурынаў і інш. найважн. злучэнняў. Выяўлены ў жывёл, раслін, мікраарганізмаў. У млекакормячых высокая актыўнасць П.ц. выяўляецца ў печані, кары наднырачнікаў, тлушчавай тканцы, малочнай залозе ў перыяд лактацыі і ў эмбрыянальных тканках, нізкая — у сардэчнай і шкілетных мышцах.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 269

ПЕНТОЗАФАСФА́ТЫ,

складаныя эфіры, утвораныя пентозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай кіслаты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот і шэрагу каферментаў, прымаюць удзел у абмене рэчываў, распадзе вугляводаў (пентозафасфатны цыкл) і іх утварэнні ў зялёных раслінах пры фотасінтэзе.

т. 12, с. 269

ПЕНТО́ЗЫ,

простыя цукры, у малекуле якіх 5 атамаў вугляроду (C5H10O5).

Бясколерныя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры. П. — арабіноза і ксілоза ўваходзяць у склад гліказідаў і поліцукрыдаў раслін, камедзяў, слізей, сапанінаў; рыбоза і 2-дэзоксірыбоза — у склад нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Рыбоза таксама прымае ўдзел у біясінтэзе нуклеатыдаў, пентозафасфатным цыкле, з’яўляецца прамежкавым прадуктам фотасінтэзу.

т. 12, с. 269

ПЕ́НЫ,

ячэістыя структураваныя дысперсныя сістэмы, утвораныя вял. колькасцю бурбалак газу (дысперсная фаза), раздзеленых тонкімі праслойкамі вадкасці. Разбураюцца ў выніку каалесцэнцыі. Высокастабільныя П., што захоўваюцца на працягу многіх мінут і гадзін, утвараюцца пры дабаўленні ў вадкасць стабілізатараў П., ці пенаўтваральнікаў (мылы, сінт. паверхнева-актыўныя рэчывы). Устойлівыя П. з дыаксідам вугляроду — сродак тушэння пажараў (гл. Вогнетушыцель). П. выкарыстоўваюць у вытв-сці ячэістых канстр. матэрыялаў (напр., пенаметалу, пенабетону, пенапластаў), пры абагачэнні карысных выкапняў (пенная флатацыя).

Літ.: Кругляков П.М., Ексерова Д.Р. Пена и пенные пленки. М., 1990.

т. 12, с. 269

ПЕНЬЮА́Р (ад франц. peignoir),

ранішняе жаночае адзенне з лёгкай тканіны.

т. 12, с. 269

ПЕ́НЯ (ад лац. poena пакаранне),

від няўстойкі, санкцыя за несвоечасовае выкананне розных фін. абавязацельстваў (плацяжоў). Вылічваецца за кожны дзень пратэрміноўкі у працэнтах да сумы, што павінна быць выплачана.

т. 12, с. 269

ПЕ́НЯ (Ігар Аляксандравіч) (н. 29.10.1952, г. Астрахань, Расія),

бел. эстрадны спявак, музыкант (клавішныя інструменты). Засл. артыст Беларусі (1990). Скончыў муз. вучылішча (1973) у г. Днепрапятроўск (Украіна). З 1980 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 — «Беларускія песняры» пры дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». У рэпертуары бел. народныя песні, творы сучасных, у т. л. бел. (І.​Лучанок, У.​Мулявін, А.​Іваноў, А.​Казловіч і інш.), кампазітараў.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 12, с. 269

ПЕ́НЯЗЬ,

манета, грашова-лікавая адзінка і сукупны тэрмін для пазначэння грошаў у ВКЛ 14—16 ст. і Рэчы Паспалітай 16—17 ст. У ВКЛ выбівалася ў 1546—63 (маса 0,32 г). Існавалі наміналы ў ​1/2 П. (абол) і двайны П. Быў ніжэйшай адзінкай трохступенных сістэм грашовага ліку ў ВКЛ (капа — грош — П., рубель — грош — П.).

т. 12, с. 269

ПЕНЯЗЬКО́Ў (Дзмітрый Нікандравіч) (н. 26.9.1922, в. Ляшчынец, цяпер ў межах г. Гомель),

Герой Сав. Саюза. Скончыў Гомельскае пед. вучылішча (1950), ваен. авіяц. вучылішча (1960). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі, Польшчы. Камандзір роты лейт. П. вызначыўся 20 і 22.4.1945 пры фарсіраванні р. Одэр каля г. Шчэцін (Польшча) і ў баі за вышыню, якую ўтрымліваў адзін агнём з кулямёта да падыходу асн. сіл роты. Да 1947 і ў 1951—69 у Сав. Арміі, потым на адм.-гасп. рабоце.

Дз.Н.Пенязькоў.

т. 12, с. 269

ПЕПСІ́Н (ад грэч. pepsis страваванне),

пратэалітычны фермент страўнікавага соку жывёл і чалавека, які ажыццяўляе расшчапленне бялкоў. Малекулярная маса каля 35 000. Утвараецца ў страўніку ў выглядзе неактыўнага пепсінагену, актывуецца пад уплывам салянай к-ты страўнікавага соку. П. гідралізуе ўнутр. пептыдныя сувязі ў бялках і пептыдах з утварэннем больш простых пептыдаў і свабодных амінакіслот. Прэпарат П. ужываюць пры хваробах страўнікавага тракту.

т. 12, с. 270