ПЕНТО́ЗЫ,

простыя цукры, у малекуле якіх 5 атамаў вугляроду (C5H10O5).

Бясколерныя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры. П. — арабіноза і ксілоза ўваходзяць у склад гліказідаў і поліцукрыдаў раслін, камедзяў, слізей, сапанінаў; рыбоза і 2-дэзоксірыбоза — у склад нуклеазідаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Рыбоза таксама прымае ўдзел у біясінтэзе нуклеатыдаў, пентозафасфатным цыкле, з’яўляецца прамежкавым прадуктам фотасінтэзу.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)