Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАПЯЛІ́ЦА (Канстанцін Іванавіч) (н. 1.6.1938, с. Цішэнаўка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў студыю пры Украінскім драм. т-ры імя І.​Франко ў Кіеве (1965). З 1966 у Брэсцкім т-ры драмы і музыкі. Выканаўца характарных і камед. роляў. Створаныя ім вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, народнасцю: Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Цярэшка, Паляныца («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Старжыцкі («Хамуціус» паводле А.​Куляшова), Фядос Сыч («Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча), Драздзюк («Наследнік» М.​Матукоўскага), Франак («Грэшнае каханне» А.​Дзялендзіка), Буслай, Люцень («Парог», «Купалле» А.​Дударава), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Манахаў («Варвары» М.​Горкага), Аптымістэнка («Лазня» У.​Маякоўскага), фон Кальб («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Косме («Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона), Гейгер («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Маёр («Дамы і гусары» А.​Фрэдра) і інш.

Р.​М.​Бакіевіч.

т. 12, с. 286

ПЕРАПЯЛІ́ЦЫН (Аляксандр Іванавіч) (25.2.1913, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія — 15.8.1967),

дзяржаўны дзеяч БССР. Ген.-лейт. (1959). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1929 працаваў слесарам паравознага дэпо, у 1933—35 у Чырв. Арміі, потым на камсам. і парт. рабоце. З 1944 на парт. рабоце ў Беларусі. З 1952 у органах дзяржбяспекі: нам. міністра дзяржбяспекі БССР, з 1953 нам. міністра ўнутр. спраў БССР, у 1954—59 старшыня КДБ пры Савеце Міністраў БССР. У 1959—67 нам. старшыні КДБ пры Савеце Міністраў СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР (1959).

т. 12, с. 287

ПЕРАРАДЖЭ́ННЕ ў медыцыне,

змены ў будове і (або) функцыі клетак, тканак, якія характарызуюцца назапашваннем не ўласцівых ім рэчываў; тое, што дыстрафія. У анкалогіі — працэс злаякаснага ператварэння клетак. У неўрапаталогіі — паступовы распад нерв. валакна пад уплывам атручэння, траўмаў запалення.

т. 12, с. 287

ПЕРАРО́СТ,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Добруш, 50 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Церахоўка. 796 ж., 395 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 287

ПЕРАРО́Ў,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр сельсавета і аграпрамысл. комплексу «Хлупін». За 38 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 270 км ад Гомеля. 505 ж., 271 двор (2000). Хлебапякарня, лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 12, с. 287

ПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ,

гл. ў арт. Неперарыўнасць і перарыўнасць.

т. 12, с. 287

ПЕ́РАС (сапр. Персні) Шымон

(н. 16.8.1923, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў ун-т у ЗША. З 1934 у Палесціне. У 1941—45 ген. сакратар сіянісцкага маладзёжнага руху «Працоўная моладзь». Чл. Рабочай партыі МАПАІ (1945—65). З 1948 на розных пасадах у мін-ве абароны Ізраіля, у 1959—65 нам. міністра абароны. У 1965—68 ген. сакратар партыі РАФІ, з 1968 нам., у 1977—92 і 1995—96 ген. сакратар Партыі працы. У 1969—70 міністр эканам. развіцця кантралюемых тэрыторый, у 1970—74 міністр транспарту і камунікацый, у 1974—77 міністр абароны Ізраіля. У 1984—86 і 1995—96 прэм’ер-міністр Ізраіля. У 1986—90 нам. прэм’ер-міністра, адначасова міністр замежных спраў, потым міністр фінансаў. Міністр замежных спраў ва ўрадзе І.Рабіна (1992—95), адзін з аўтараў мірных араба-ізраільскіх дамоўленасцей сярэдзіны 1990-х г. Нобелеўская прэмія міру 1994 (разам з Рабінам і Я.Арафатам).

т. 12, с. 287

ПЕРАСА́ДА (Вольга Анатолеўна) (н. 20.1.1953, Мінск),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1999). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1976), з 1979 працуе ў ім. Навук. працы па імуналогіі запаленчых працэсаў жан. палавых органаў, гомеапатычных метадах лячэння ў акушэрстве і гінекалогіі, этыяпатагенезе і лячэнні генітальнага эндаметрыёзу.

Тв.:

Гомеопатическое лечение акушерских и гинекологических нарушений: Справ. Мн., 1998;

Клинико-статистический анализ заболеваемости эндометриозом в Минске // Здравоохранение. 1998. № 2.

т. 12, с. 287

ПЕРАСА́ДКА О́РГАНАЎ І ТКА́НАК,

тое, што трансплантацыя.

т. 12, с. 287

ПЕРАСА́ДКА РАГАВІ́ЦЫ,

тое, што кератапластыка.

т. 12, с. 287