ПЕ́РАС (сапр. Персні) Шымон
(н. 16.8.1923, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў ун-т у ЗША. З 1934 у Палесціне. У 1941—45 ген. сакратар сіянісцкага маладзёжнага руху «Працоўная моладзь». Чл. Рабочай партыі МАПАІ (1945—65). З 1948 на розных пасадах у мін-ве абароны Ізраіля, у 1959—65 нам. міністра абароны. У 1965—68 ген. сакратар партыі РАФІ, з 1968 нам., у 1977—92 і 1995—96 ген. сакратар Партыі працы. У 1969—70 міністр эканам. развіцця кантралюемых тэрыторый, у 1970—74 міністр транспарту і камунікацый, у 1974—77 міністр абароны Ізраіля. У 1984—86 і 1995—96 прэм’ер-міністр Ізраіля. У 1986—90 нам. прэм’ер-міністра, адначасова міністр замежных спраў, потым міністр фінансаў. Міністр замежных спраў ва ўрадзе І.Рабіна (1992—95), адзін з аўтараў мірных араба-ізраільскіх дамоўленасцей сярэдзіны 1990-х г. Нобелеўская прэмія міру 1994 (разам з Рабінам і Я.Арафатам).
т. 12, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)