Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІЗАСО́МЫ (ад лізіс + sōma цела),

структуры цытаплазмы клетак жывёльных і раслінных арганізмаў, якія здольны расшчапляць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды, ліпіды. Дыяметр Л. 0,2—0,4 мкм: маюць у сабе больш за 50 гідралітычных ферментаў. Адкрыты К.Дэ Дзювам. Вылучаюць 2 асн. класы Л. — першасныя і другасныя. Парушэнне функцыі Л. вядзе да лізасомных хвароб намнажэння.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 255

ЛІЗАЦЫ́М (ад лізіс + zymē закваска),

мурамідаза, фермент класа гідралаз; разбурае абалонку бактэрыяльнай клеткі (лізіс). Бялок, малекулярная маса каля 14 000, функцыянуе як антыбактэрыяльны бар’ер. Адкрыты ў 1922 А.Флемінгам у слізі з поласці носа. Выяўлены ў многіх тканках і вадкасцях чалавечага арганізма (храстках, селязёнцы, лейкацытах, слязах), у раслінах, бактэрыях і фагах, найб. у яечным бялку. Першы фермент, для якога ўстаноўлена трацічная структура. Прэпарат Л. выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 9, с. 255

ЛІЗІ́Н, α-, ε-дыамінакапронавая кіслата,

дыамінамонакарбонавая амінакіслата, NH2(CH2)4CH(NH)2COOH. Бясколерныя крышталі, мал. маса 146,19. Добра раствараецца ў вадзе, к-тах, асновах. Уваходзіць у састаў бялкоў жывёльнага, расліннага, мікробнага паходжання. Адсутнасць Л. ў ежы затрымлівае рост дзяцей, у дарослых вядзе да адмоўнага балансу азоту і інш. У прам-сці Л. атрымліваюць мікрабіял. сінтэзам.

т. 9, с. 255

ЛІ́ЗІНГ (ад англ. lease арэнда, маёмасны наём),

здача ў арэнду розных відаў тэхн. сродкаў, абсталявання, будынкаў пераважна на сярэднетэрміновы і доўгатэрміновы перыяды. Ажыццяўляецца як трохбаковая здзелка: лізінгавая фірма (арэндадаўца) набывае ў вытворцы (уладальніка) маёмасць па выбары кліента (арандатар), якую перадае яму ў распараджэнне; афармляецца лізінгавым пагадненнем (кантрактам). У перыяд дзеяння пагаднення юрыд. права ўласнасці на маёмасць належыць лізінгавай фірме (арэндадаўцу), а права на карыстанне — арандатару. Пасля заканчэння тэрміну лізінгавага кантракта арандатар можа: вярнуць аб’ект арэнды арэндадаўцу, заключыць новы дагавор на арэнду гэтай маёмасці, выкупіць аб’ект Л. па астаткавай вартасці. Выкарыстанне Л. дазваляе кліенту карыстацца маёмасцю без аднаразовага буйнога ўкладання сродкаў на іх набыццё, забяспечыць 100%-нае фінансаванне здзелкі, узгадніць зручны для арэндадаўцы парадак унясення арэндных плацяжоў, зменшыць частку абкладаемага падаткам прыбытку на суму арэндных плацяжоў, пры міжнар. лізінгавых аперацыях карыстацца падатковымі льготамі краіны-арэндадаўцы і інш.

т. 9, с. 255

ЛІ́ЗІС (грэч. lysis растварэнне, распад),

разбурэнне і растварэнне клетак, у т.л. мікраарганізмаў, пад уплывам ферментаў, што знаходзяцца ў лізасомах (гл. Аўтоліз), або інш. агентаў, якія валодаюць растваральным (літычным) уздзеяннем.

т. 9, с. 255

ЛІЗЮКО́Ў (Аляксандр Ільіч) (26.3.1900, г. Гомель — 25.7.1942),

Герой Сав. Саюза (1941), ген.-маёр (1942). Брат П.І.Лізюкова. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У 1927—31 і з 1940 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім франтах: нам. камандзіра танк. дывізіі, камандзір мотастралк. дывізіі, стралк. корпуса, камандуючы танк. арміяй. Вызначыўся ў абарончых баях пад Барысавам і на пераправе цераз Дняпро. Удзельнік абароны Масквы. Загінуў у баі. Аўтар кніг па ваен. справе.

А.І.Лізюкоў.

т. 9, с. 255

ЛІЗЮКО́Ў (Пётр Ільіч) (2.1.1909, г Гомель — 30.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945), палкоўнік (1943). Брат А.І.Лізюкова. Скончыў Ленінградскую артыл. школу (1941). У Чырв. Арміі з 1927. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Ленінградскім, 3-м Бел. франтах: камандзір артыл. дывізіёна, знішчальна-процітанк. артыл. палка, брыгады. Брыгада на чале з Л. вызначылася ў баі ва Усх. Прусіі. Загінуў у гэтым баі.

П.І.Лізюкоў.

т. 9, с. 255

ЛІЙВ ((Liiv) Юхан) (30.4.1864, воласць Алатсківі, цяпер Тартускага пав., Эстонія — 1.12.1913),

эстонскі пісьменнік; папярэднік крытычнага рэалізму ў эст. л-ры. Друкаваўся з 1885. Папулярнасць яму прынеслі зб. «Дзесяць апавяданняў», аповесць «Зязюля з Кякімяэ» (абодва 1893). Празаічныя творы «Паветка» (1894), «Дачка чараўніка» (1895) і інш. скіраваны супраць сац. несправядлівасці, класавага размежавання сялянства. Аўтар зб. «Вершы» (1909), кн. мініяцюр «З глыбінь жыцця» (1910), адметных спалучэннем элементаў рамантызму і рэалізму, маст. вобразнасцю. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.Грачанікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1962;

Повести и рассказы. Таллинн. 1976.

т. 9, с. 256

ЛІК у мовазнаўстве,

граматычная катэгорыя, звязаная з непасрэдным ці апасродкаваным указаннем на колькасць прадметаў. У сучаснай бел. мове адрозніваюцца 2 формы ліку: адзіночны і множны, якія дыферынцыруюць прадметы паводле іх колькасных суадносін («стол» — «сталы») ці значэння («выбар» — «выбары»). Асн. сродкі іх выражэння — канчаткі («дом» — «дамы»), словаўтваральныя афіксы («неба» — «нябёсы»), суплетывізм асноў («я» — «мы»). Большасць назоўнікаў мае суадносныя формы Л. Пэўная частка іх не ўтварае адпаведных пар і выступае ў пастаяннай форме толькі адзіночнага Л. (адзіночналікавыя, або singularia tantum) ці толькі множнага (множналікавыя, або pluralia tantum). Да адзіночналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, рэчывы або матэрыялы, абстрактныя паняцці, астр. і геагр. назвы, уласныя імёны і інш. (напр., «смецце», «вугаль», «зло», «Беларусь», «Іван»). Да множналікавых адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць парныя ці састаўныя прадметы, сукупнасць прадметаў, якая ўяўляецца як нешта адзінае, цэласнае, рытуалы, працэсы, станы, гульні, абрады, звычаі, святы, прамежкі часу ці прасторавыя паняцці і інш. (напр., «сані», «грошы», «замаразкі», «каляды», «суткі»). Побач з формамі адзіночнага і множнага Л. ў некат. бел. гаворках захаваліся рэшткі былога парнага Л. («дзве руцэ»), якія для сучаснай бел. літ. мовы не характэрныя.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.Л.Наркевіч.

т. 9, с. 256

ЛІК у матэматыцы,

адна з асн. матэм. абстракцый, звязаная з выражэннем колькаснай характарыстыкі прадметаў. У самым простым выглядзе паняцце Л. ўзнікла ў першабытным грамадстве і вызначалася неабходнасцю правядзення падлікаў і вымярэнняў у практычнай дзейнасці чалавека. Потым Л. становіцца асн. паняццем матэматыкі і далейшае развіццё гэтага паняцця звязана з вывучэннем яго агульных заканамернасцей (гл. Лікаў тэорыя).

Паняцце натуральных Л. (1, 2, 3, ...) узнікла ў глыбокай старажытнасці з патрэбы параўноўваць і колькасна характарызаваць (лічыць) розныя мноствы прадметаў. З узнікненнем пісьменства Л. пазначалі рыскамі на матэрыяле, які служыў для запісу, напр. папірусе, гліняных таблічках. Пазней уведзены інш. знакі для абазначэння вял. лікаў. З цягам часу паняцце натуральнага Л. набыло больш абстрактную форму, якая ў вуснай мове перадаецца словамі, на пісьме — спец. знакамі. Важным крокам з’яўляецца асэнсаванне бясконцасці натуральнага раду Л., што адлюстравана ў помніках антычнай матэматыкі, працах Эўкліда і Архімеда. Паняцце аб адмоўных Л. узнікла ў 6—11 ст. у Індыі. Аналіз аперацый складаннЯ, адымання, множання і дзялення Л. спрыяў узнікненню навукі пра Л.арыфметыкі. Узнікненне дробавых (рацыянальных) Л. звязана з патрэбамі праводзіць вымярэнні. Напр., даўжыня вымяралася адкладаннем адрэзка, прынятага за адзінку; аднак адзінка вымярэння не заўсёды ўкладвалася цэлую колькасць разоў, што вяло да дзялення цэлага на часткі. Патрэба ў дакладным выражэнні адносін велічынь (напр., адносіны дыяганалі квадрата да яго стараны) прывяла да ўводу ірацыянальных Л. Пры рашэнні лінейных і квадратных ураўненняў паводле фармальных правіл іншы раз атрымліваліся адмоўныя і ўяўныя Л., якім быў нададзены строгі сэнс — узнікла алгебра. Неабходнасць вывучаць фіз. працэсы, неперарыўныя ў прасторы і часе (напр., рух цела), стымулявала ўвядзенне сапраўдных Л. і паняцця лікавай прамой, што з’явілася асновай стварэння матэм. аналізу. Далейшае развіццё паняцця Л. прывяло да камплексных лікаў, гіперкамплексных лікаў, р-адычных лікаў.

Літ.:

Нечаев В.И. Числовые системы. М., 1975;

Бейкер А. Введение в теорию чисел: Пер. с англ. Мн., 1995.

В.І.Бернік.

т. 9, с. 256