Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́ЛІ,

сінтэтычныя палімеры, прадукты ўзаемадзеяння полівінілавага спірту з альдэгідамі.

Цвёрдыя аморфныя бясколерныя рэчывы. Паводле прыроды арган. радыкала R (вадарод, алкіл, фурфурыл і інш.) тэрмапласты ці тэрмарэактапласты, мал. м. (15—200)∙10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Раскладаюцца пры t > 150 °C і апрацоўцы мінер. к-тамі. Атрымліваюць звычайна гідролізам полівінілацэтату з наступным далучэннем альдэгіду да полівінілавага спірту, (полівінілбутыраль); x, y, z — колькасць адпаведна ацэтальных, вінілспіртавых і вінілацэтатных звёнаў у макрамалекуле, што ўтварыўся пры гідролізе, таму макрамалекулы П. акрамя асн. ацэтальных звёнаў (гл. Ацэталі) маюць вінілспіртавыя і вінілацэтатныя звёны. Найважн. П. — полівінілфармаль (П. на аснове фармальдэгіду) і полівінілбутыраль (на аснове масленага альдэгіду). Тэрмапласты. Вызначаюцца высокай адгезіяй да металаў, шкла і інш. матэрыялаў. Выкарыстоўваюць полівінілфармаль пераважна для вырабу электраізаляцыйных лакаў, полівінілбутыраль — для вырабу сінт. кляёў (тыпу БФ), лакаў, грунтовак, эмаляў, атрымання антыкаразійных і дэкар. пакрыццяў на металах, у вытв-сці безасколачнага шкла трыплекс.

М.​Р.​Пракапчук.

Агульная формула полівінілацэталей. R — вадарод (полівінілфармаль) ці арганічны радыкал, напр., C3H7.

т. 12, с. 472

ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́Т,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілацэтату, [—CH3—CH(OCOCH3)—]n, мал. м. (5—16)∙10​5. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, шчыльн. 1190 кг/м³. Тэрмапласт. Святлоўстойлівы. Характэрна халоднацякучасць, добрая адгезія да паперы, скуры, драўніны, тканін. Пры 180 °C раскладаецца. Лёгка гідралізуецца растворамі шчолачаў ці кіслот з утварэннем полівінілавага спірту. Выкарыстоўваюць як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці эмульсійных фарбаў, кляёў і лакаў, сыравіну для атрымання полівінілавага спірту, як сувязнае ў палімербетоне.

Літ.:

Розенберг М.Э. Полимеры на основе винилацетата. Л., 1983.

т. 12, с. 473

ПОЛІВІНІЛСПІРТАВЫ́Я ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з водных раствораў полівінілавага спірту. Асн. гандл. назвы: вінол, віналон, вінілон, куралон, м’юлон.

Моцныя, зноса- і атмасфераўстойлівыя, гіграскапічныя, мала электрызуюцца, хімічна стойкія, добра афарбоўваюцца. маюць добрую адгезію да пластыкаў і гумы. Для надання водаўстойлівасці П.в. ацэталіруюць (гл. Ацэталі) пераважна фармальдэгідам ці бензальдэгідам. Выкарыстоўваюць для вырабу розных тканін (адзежных, бялізнавых, кашульных) і трыкатажу, канатаў, рыбалоўных сетак, арміравання пластыкаў, водарастваральныя (не ацэталіраваныя) — як сувязнае ў вытв-сці паперы, кардону, нятканых матэрыялаў, дапаможны (растваральны) кампанент пры вырабе гіпюру і інш. ажурных тканін.

т. 12, с. 473

ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙10​4. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.

Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 473

ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з раствораў полівінілхларыду, полівінілхларыду хлараванага ці супалімераў, у якіх не менш за 85% вінілхларыду. Асн. гандл. назвы валокнаў з полівінілхларыду — равіль, тэвірон, фібравіль, тэрмавіль, з перхлорвінілавай смалы — хларын, павіяцыд, з супалімераў — віньён, тэрмален. Вызначаюцца вельмі нізкай цепла- і электраправоднасцю. Не гараць, хімічна- і атмасфераўстойлівыя, устойлівыя да мікраарганізмаў. Выкарыстоўваюць для вырабу фільтраваных і негаручых драпіровачных тканін, нятканых матэрыялаў, спецадзення, цепла- і гукаізаляцыйных лямцаў, лячэбнай бялізны.

т. 12, с. 473

ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д ХЛАРАВА́НЫ, перхлорвінілавая смала,

тэрмапластычны прадукт хларавання полівінілхларыду. Хлараванне паляпшае растваральнасць і павышае цеплаўстойлівасць зыходнага полівінілхларыду (ПВХ).

Адрозніваюць П.х. растваральны (атрымліваюць хлараваннем ПВХ у растворы, мае 62—64% хлору і добра раствараецца ў ацэтоне, хлараформе, ксілоле і інш.) і П.х. цеплаўстойлівы (атрымліваюць хлараваннем воднай суспензіі ПВХ, мае 64—70% хлору; нерастваральны). Выкарыстоўваюць П.х. растваральны як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці перхлорвінілавых лакаў і эмалей, абутковага клею, для вырабу валокнаў (гл. Полівінілхларыдныя валокны); П.х. цеплаўстойлівы для вытв-сці труб (для гарачай вады) і машынабуд. дэталяў.

т. 12, с. 473

ПОЛІГЕНІ́ЗМ (ад полі... + грэч. genos род, паходжанне),

антрапалагічная тэорыя, паводле якой розніца паміж расамі чалавека настолькі вялікая, што яны з’яўляюцца рознымі біял. відамі, якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў розных частках зямнога шара ад розных форм гамінідаў; процілегласць монагенізму. Негрунтоўнасць (памылковасць) П. даказана падабенствам рас сучаснага чалавецтва па комплексе важнейшых адзнак (будова рукі, ступні, галаўнога мозга, біяхім. паказчыкі і інш.) і неабмежаванымі магчымасцямі змешвання рас паміж сабой.

т. 12, с. 473

ПОЛІГІНІ́Я (ад полі... + грэч. gynē жанчына, жонка),

1) у заалогіі форма палавых зносін, пры якой за 1 сезон размнажэння самец спароўваецца з некалькімі самкамі. Пры тэрытарыяльнай П. індывід. ўчасткі некалькіх самак размешчаны ў межах тэрыторыі, якую ахоўвае самец. Вядома ў прыдонных рыб, каланіяльных птушанятных відаў птушак, некат. млекакормячых (рукакрылыя, грызуны, ніжэйшыя прыматы). Пры гарэмнай П. самец збірае каля сябе групу самак (гарэм), якая распадаецца адразу пасля іх апладнення (напр., у птушак — курыныя, у млекакормячых — капытныя, ластаногія і інш.). Аблігатная П. мае месца ў млекакормячых, якія пастаянна жывуць групоўкамі з некалькіх самак і 1 самца (зебры, кашалоты, некат. мартышкі і інш.). У грамадскіх насякомых пад П. разумеюць наяўнасць у сям’і некалькіх самак, якія даюць патомства.

2) У цытагенетыцы П. — з’яднанне аднаго мужчынскага і двух ці больш жан. прануклеусаў у яйцаклетцы.

3) Тое, што мнагажонства (гл. таксама Палігамія).

т. 12, с. 473

ПОЛІІЗАПРЭ́Н,

гл. ў арт. Ізапрэнавыя каўчукі.

т. 12, с. 473

ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),

метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.

П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.

Літ.:

Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 473