ПОЛІГІНІ́Я (ад полі... + грэч. gynē жанчына, жонка),

1) у заалогіі форма палавых зносін, пры якой за 1 сезон размнажэння самец спароўваецца з некалькімі самкамі. Пры тэрытарыяльнай П. індывід. ўчасткі некалькіх самак размешчаны ў межах тэрыторыі, якую ахоўвае самец. Вядома ў прыдонных рыб, каланіяльных птушанятных відаў птушак, некат. млекакормячых (рукакрылыя, грызуны, ніжэйшыя прыматы). Пры гарэмнай П. самец збірае каля сябе групу самак (гарэм), якая распадаецца адразу пасля іх апладнення (напр., у птушак — курыныя, у млекакормячых — капытныя, ластаногія і інш.). Аблігатная П. мае месца ў млекакормячых, якія пастаянна жывуць групоўкамі з некалькіх самак і 1 самца (зебры, кашалоты, некат. мартышкі і інш.). У грамадскіх насякомых пад П. разумеюць наяўнасць у сям’і некалькіх самак, якія даюць патомства.

2) У цытагенетыцы П. — з’яднанне аднаго мужчынскага і двух ці больш жан. прануклеусаў у яйцаклетцы.

3) Тое, што мнагажонства (гл. таксама Палігамія).

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)