Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІДРАЛАКА́ТАР

(ад гідра... + лакатар),

гідралакацыйная станцыя, комплекс прылад і прыстасаванняў для пошуку падводных аб’ектаў, вымярэння іх прасторавых каардынат і параметраў руху, а таксама вызначэння іх прыроды шляхам аналізу адбітых акустычных сігналаў (рэхасігналаў); сродак актыўнай гідралакацыі. Выкарыстоўваюцца ў мараплаўстве (для вызначэння падводных перашкод), у ваен. справе (пошук цэлей, забеспячэнне дзеяння зброі), для картаграфавання дна і адшуквання затанулых аб’ектаў (гідралакатар бакавога агляду і рэхалоты), пры выратавальных работах, у рыбапрамысл. разведцы і інш.

Гідралакатар мае: генератар эл. сігналаў зададзенага віду (імпульсных, неперарыўных, простых, складаных, з рознымі мадуляцыямі); перадавальную і прыёмную акустычныя антэны, якія апускаюцца ў ваду (уяўляюць сабой электраакустычныя пераўтваральнікі эл. сігналаў у акустычныя і наадварот; можа выкарыстоўвацца адна антэна з пераключальнікам «перадача-прыём»); прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў, якія прымаюцца на фоне перашкод (шумы мора і суднаходства); прыстасаванні адвображання інфармацыі пра аб’екты, якая ўтрымліваецца ў рэхасігналах. Існуе мноства разнавіднасцей гідраклакатараў, якія ўстанаўліваюцца на суднах, самалётах і верталётах, на дне акіяна, а таксама дрэйфуюць, пераносяцца вадалазамі і г.д. У большасці выпадкаў гідралакатары працуюць на частотах ад адзінак да 100 кГц і маюць далёкасць дзеяння да дзесяткаў кіламетраў.

Літ.:

Митько В.Б., Евтютов А.П., Гущин С.Е. Гидроакустические средства связи и наблюдения. Л., 1982;

Колчеданцев А.С. Гидроакустические станции. Л., 1982.

В.І.Вараб’ёў.

т. 5, с. 227

ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,

адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.

Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.

На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.

Літ.:

Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ. Л., 1988.

В.І.Вараб’ёў.

т. 5, с. 228

ГІДРАЛО́ГІЯ

(ад гідра... + ..логія),

навука пра прыродныя воды, іх пашырэнне, уласцівасці, працэсы і з’явы, што ў іх адбываюцца. Прадмет вывучэння гідралогіі — водныя аб’екты: акіяны, моры, рэкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты, вільгаць, што назапашана ў снегавым покрыве і ледавіках, грунтавыя і падземныя воды. Падзяляецца на акіяналогію, гідралогію сушы і гідрагеалогію, у якой да гідралогіі належаць раздзелы аб рэжыме падземных вод. Цесна звязана з навукамі геагр., геал. і біял. кірункаў. Вывучае кругаварот вады на Зямлі, прасторава-часавыя ваганні гідралагічных элементаў (узроўню, расходаў, т-ры вады і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на гідрасферу і працэсы ў ёй і інш. Практычнае значэнне гідралогіі ў ацэнцы і прагнозе стану водных рэсурсаў, абгрунтаванні рацыянальнага іх выкарыстання.

Тэрмін «гідралогія» з’явіўся ў канцы 17 ст. (Германія). Спачатку гідралогія развівалася як апісальныя галіны фіз. геаграфіі, гідратэхнікі, геалогіі, навігацыі. Як сістэма навук. ведаў аформілася ў пач. 20 ст. (1915, В.Р.Глушкоў). Пачатак гідралагічнага вывучэння тэр. Беларусі далі працы Зах. экспедыцыі па асушэнні балот Палесся пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873) і навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (1875).

На Беларусі даследаванні ў галіне гідралогіі праводзяць Камітэт па гідраметэаралогіі (Гідраметэаралагічная служба), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН, БДУ, Белдзіправадгас і інш. Праводзяцца экспедыцыйныя і лабараторныя даследаванні асобных тэр. і водных аб’ектаў. Вывучаюцца антрапагенныя змены ў гідралагічным рэжыме, распрацоўваюцца меры па ахове гідрасферы. Значны ўклад у развіццё гідралогіі зрабілі бел. вучоныя С.Х.Будыка, А.Р.Булаўка, Д.А.Дановіч, В.В.Дрозд, А.Д.Дубах, П.А. Дудкін, А.І.Івіцкі, П.А.Кісялёў, І.М.Ліўшыц, В.Ф.Шабека, В.М.Шырокаў, В.П.Якушка.

Літ.:

Калинин Г.П. Проблемы глобальной гидрологии. Л., 1968;

Чеботарев А.И. Общая гидрология. 2 изд. Л., 1975;

Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, прабл., перспектывы: Тэз. дакл. навук. канф. Мн., 1994.

А.А.Макарэвіч.

т. 5, с. 228

ГІДРАЛО́ГІЯ РЭК,

патамалогія, раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсы, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фіз.-геагр. ўмовамі і гасп. дзейнасцю чалавека. Уключае гідраграфію рэк, вучэнні аб сцёку і рэчышчавых працэсах. Асн. кірунак — вывучэнне гідралагічнага рэжыму. На Беларусі першыя звесткі па гідралогіі рэк адносяцца да 11—12 ст. Перыядычныя назіранні за крыгаломам і замярзаннем рэк вядуцца з пач. 19 ст. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна і Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож на гідралагічных пастах. Рэгулярнаму вывучэнню гідралогіі рэк спрыялі работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873). У 1930 арганізавана гідраметэаралагічная служба Беларусі, з 1931 складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі, з 1940 водны кадастр. Даследаванні вядуцца ў Гідраметцэнтры Беларусі. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, «Белмеліявадгасе», БДУ і інш.

А.А.Макарэвіч.

т. 5, с. 228

ГІДРАЛО́ГІЯ СУ́ШЫ,

навука аб паверхневых водах сушы; раздзел гідралогіі. Падзяляецца на гідралогію рэк, азёразнаўства і балотазнаўства. Асн. раздзелы гідралогіі сушы: гідраметрыя, гідралагічныя разлікі, гідралагічныя прагнозы, гідрафізіка, гідрахімія, гідраграфія, дынаміка вод сушы, рэчышчавыя працэсы; да сярэдзіны 20 ст. ўключала і гляцыялогію. Гідралогія сушы даследуе працэсы фарміравання воднага балансу і сцёку, структуру рачной плыні, водаабмен у азёрах і вадасховішчах, рэчышчавыя і берагавыя працэсы, тэрмічныя і лядовыя з’явы, хімізм вод, распрацоўвае гідралагічныя прылады і інш. Звесткі гідралогіі сушы выкарыстоўваюць у воднай гаспадарцы.

А.Л.Макарэвіч.

т. 5, с. 228

ГІДРАМАНІТО́Р

(ад гідра... + манітор),

апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).

Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.

т. 5, с. 229

ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для рэгулявання ўзроўняў і расходаў грунтавых або паверхневых вод, змены напрамку, паскарэння ці запавольвання іх руху з мэтай паляпшэння воднага рэжыму глеб і грунтоў у неспрыяльных прыродных умовах. Бываюць: рачныя, вадасховішчныя (азёрныя) і сеткавыя (на каналах); грунтавыя (земляныя), бетонныя, жалезабетонныя, керамічныя, метал., з сінт. матэрыялаў.

Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца: на гідрамеліярацыйныя збудаванні для забору вады (фільтры- і калодзежы-паглынальнікі, трубчастыя дрэны, каптажы, вертыкальныя свідравіны, шахтавыя калодзежы, асушальнікі, вадазборныя і лоўчыя каналы, водазаборы); адводу і падачы вады (калектары, праводныя, магістральныя, разгрузачныя, адводныя, перахапляльныя і нагорныя каналы, водапрыёмнікі, трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, вадавыпускі, вадаспускі, паліўныя барозны і палосы, латакі, помпавыя станцыі); рэгулявання расходаў і ўзроўняў вады ў каналах (шлюзы- і трубы-рэгулятары, калодзежы-рэгулятары, вадавыпускі); спалучэнні па вышыні розных узроўняў дна канала (вусці калектараў, быстратокі, перапады, перападныя калодзежы); аховы тэрыторыі ад высокіх вод адкрытых вадатокаў (дамбы, канцавыя скіды арашальных каналаў); збору, назапашвання і захоўвання паверхневых вод (вадасховішчы, рыбаводныя сажалкі, сажалкі-накапляльнікі, проціпажарныя вадаёмы, кальматажныя басейны, чэкі, грунтавыя дамбы і плаціны з бетоннымі вадазлівамі, вежавымі вадаскідамі, вадаспускамі, вадавыпускамі, быстратокамі, ступеньчатымі перападамі); вымярэння ўзроўняў і расходаў (назіральныя і аглядныя калодзежы, свідравіны, вадазлівы-вадамеры); пераходу праз вадатокі і глыбокія даліны (дзюкеры, акведукі, ліўнепрапускныя трубы); засцярогі каналаў ад заглейвання (адстойнікі); пераезду (пераходу) праз адкрытыя каналы (трубы-пераезды, масты, жывёлапрагоны, пешаходныя мосцікі); аховы водазабораў ад пападання рыбы (рыбазагараджальнікі) і інш.

На Беларусі канструкцыі гідрамеліярацыйных збудаванняў распрацоўваюцца і даследуюцца ў Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. буд-ва, БПА, БСГА, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і інш. Буд-ва гідрамеліярацыйных збудаванняў вядуць перасоўныя механізаваныя калоны канцэрна Белмеліявадгас.

Літ.:

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985;

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 6. Орошение. М., 1990.

М.М.Кунцэвіч.

т. 5, с. 229

ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ

(ад гідра... + металургія),

здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.

Асн. тэхнал. працэсы гідраметалергіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.

Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.

т. 5, с. 229

ГІДРАМЕ́ТРЫЯ

(ад гідра... + ...метрыя),

раздзел гідралогіі сушы, які распрацоўвае методыку вымярэнняў і назіранняў гідралагічнага рэжыму мораў, рэк, азёр, каналаў і вадасховішчаў, а таксама вызначэнне спосабаў вымярэння ўсіх элементаў рэжыму вод сушы і мора (узроўняў, скорасці воднага патоку, глыбіні, аб’ёму, рэльефу дна і інш.).

т. 5, с. 229

ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

навукова-вытворчае падраздзяленне Гідраметэаралагічнай службы. Вывучае гідраметэаралагічны рэжым, ажыццяўляе метадычнае і тэхн. кіраўніцтва сеткай гідраметэаралагічных станцый і пастоў, абагульняе і друкуе іх матэрыялы. На Беларусі гідраметэаралагічныя абсерваторыі дзейнічаюць у складзе гідраметэаралагічных цэнтраў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: Мінская галаўная (з 1930), Гомельская (з і Брэсцкая (з 1970) занальныя, Віцебская (з 1970), Гродзенская (з 1981) і Магілёўская (з 1982) гідраметэаралагічныя абсерваторыі 2-га разраду. Забяспечваюць гасп. ўстановы і насельніцтва аператыўнай інфармацыяй: ажыццяўляюць кантроль за забруджваннем навакольнага асяроддзя.

М.А.Гольберг.

т. 5, с. 229