ГІДРАЛО́ГІЯ (ад гідра... + ...логія),

навука пра прыродныя воды, іх пашырэнне, уласцівасці, працэсы і з’явы, што ў іх адбываюцца. Прадмет вывучэння гідралогіі — водныя аб’екты: акіяны, моры, рэкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты, вільгаць, што назапашана ў снегавым покрыве і ледавіках, грунтавыя і падземныя воды. Падзяляецца на акіяналогію, гідралогію сушы і гідрагеалогію, у якой да гідралогіі належаць раздзелы аб рэжыме падземных вод. Цесна звязана з навукамі геагр., геал. і біял. кірункаў. Вывучае кругаварот вады на Зямлі, прасторава-часавыя ваганні гідралагічных элементаў (узроўню, расходаў, т-ры вады і інш.), уплыў гасп. дзейнасці чалавека на гідрасферу і працэсы ў ёй і інш. Практычнае значэнне гідралогіі ў ацэнцы і прагнозе стану водных рэсурсаў, абгрунтаванні рацыянальнага іх выкарыстання.

Тэрмін «гідралогія» з’явіўся ў канцы 17 ст. (Германія). Спачатку гідралогія развівалася як апісальныя галіны фіз. геаграфіі, гідратэхнікі, геалогіі, навігацыі. Як сістэма навук. ведаў аформілася ў пач. 20 ст. (1915, В.​Р.​Глушкоў). Пачатак гідралагічнага вывучэння тэр. Беларусі далі працы Зах. экспедыцыі па асушэнні балот Палесся пад кіраўніцтвам І.​І.​Жылінскага (1873) і навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (1875).

На Беларусі даследаванні ў галіне гідралогіі праводзяць Камітэт па гідраметэаралогіі (Гідраметэаралагічная служба), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН, БДУ, Белдзіправадгас і інш. Праводзяцца экспедыцыйныя і лабараторныя даследаванні асобных тэр. і водных аб’ектаў. Вывучаюцца антрапагенныя змены ў гідралагічным рэжыме, распрацоўваюцца меры па ахове гідрасферы. Значны ўклад у развіццё гідралогіі зрабілі бел. вучоныя С.​Х.​Будыка, А.​Р.​Булаўка, Д.​А.​Дановіч, В.​В.​Дрозд, А.​Д.​Дубах, П.А. Дудкін, А.​І.​Івіцкі, П.​А.​Кісялёў, І.​М.​Ліўшыц, В.​Ф.​Шабека, В.​М.​Шырокаў, В.​П.​Якушка.

Літ.:

Калинин Г.П. Проблемы глобальной гидрологии. Л., 1968;

Чеботарев А.И. Общая гидрология. 2 изд. Л., 1975;

Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, прабл., перспектывы: Тэз. дакл. навук. канф. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)