Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАНАХРО́МІЯ (ад мана... + грэч. chrōma колер) у выяўленчым мастацтве, аднаколернасць; твор, выкананы ў адным тоне якога-н. колеру або яго танальных градацыях (афарбаваны ў адзін колер), напр., грызайль.

т. 10, с. 64

МАНАЦЫ́Т (ням. Monazit ад грэч. monazō бываю адзін, жыву адзін),

мінерал класа фасфатаў, фасфат цэрыю і рэдказямельных элементаў (Ce, La...)[PO4]. Змяшчае 66—70% аксідаў (агульнай ф-лы TR2O3) гэтых элементаў, прымесі торыю, ітрыю, крэмнію, урану, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі сплошчаныя да таблітчастых, кароткапрызматычныя, ізаметрычныя, утварае скарыначкі, зямлістыя масы, зярністыя і сферычныя агрэгаты. Колер карычневы, мядова-жоўты або зеленаваты. Паўпразрысты. Бляск тлусты, на сколах шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,9—5,5 г/см³. Прысутнічае ў многіх гранітоідах, вял. крышталі трапляюцца ў пегматытах. Пераважна канцэнтруецца ў рачных і марскіх россыпах і пляжных пясках. Часта радыеактыўны. Руда торыю і рэдказямельных элементаў.

т. 10, с. 64

МАНАЦЫТА́РНА-ФАГАЦЫТА́РНАЯ СІСТЭ́МА,

тое, што макрафагічная сістэма.

т. 10, с. 64

МАНАЦЫ́ТЫ [ад мана... + ...цыт(ы)],

адзін з тыпаў незярністых лейкацытаў. Утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу; дыям. 10—20 мкм, шарападобныя. Афарбоўка ядра чырвона-пурпуровая, цытаплазмы — бледная блакітна-шэрая. У крыві чалавека ў норме М. складаюць 3—11% агульнай колькасці лейкацытаў. Здольныя да фагацытозу, мігрыруюць з крыві ў тканкі і пераўтвараюцца ў макрафагаў.

А.​С.​Леанцюк.

Манацыт.

т. 10, с. 64

МАНА́ШКА, шаўкапрад-манашка (Lymantria monacha),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі. На Беларусі жыве ў хвойных і лісцевых лясах.

Крылы ў размаху да 45 мм у самцоў, да 60 мм у самак; пярэднія — шараватыя з 4 зігзагападобнымі чорнымі лініямі, заднія — белавата-шэрыя, у самцоў афарбоўка больш зменлівая. Брушка ружаватае з чорнымі палоскамі. Вусені М. (даўж. да 80 мм) кормяцца ігліцай, лісцем, пылком, пупышкамі і парасткамі, пашкоджваюць лістоўніцу, хвою, елку, радзей бук, дуб, граб і інш.

Т.​П.​Смірнова.

Манашка: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 10, с. 64

МАНАЭ́ДР (ад мана... + грэч. hedra грань),

простая форма (габітус) крышталёў, якая складаецца з непаўторных граней. Крышталі такой формы аб’яднаны ў 1-ы клас сіметрыі — монаэдрычны, які характарызуецца трыкліннай сінганіяй, адсутнасцю элементаў сіметрыі, няроўнасцю рэбраў і вуглоў паміж імі. М. прысутнічае ў форме крышталёў усіх сінганій, акрамя кубічнай, напр., мінералы бустаміт, клінаэдрыт, валастаніт і інш.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 10, с. 64

МАНБЛА́Н (франц. Mont Blanc, італьян. Monte Bianco),

горны масіў і вяршыня ў Зах. Альпах, на мяжы Францыі, Італіі і Швейцарыі, самая высокая ў Еўропе (4807 м). Даўж. масіву 50 км. Складзены з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. Рэльеф альпійскага тыпу. Пл. зледзянення больш за 200 км², самы буйны ледавік Мер-дэ-Глас (даўж. 15 км). Частка водападзелу паміж рэкамі По і Рона. Альпінізм, турызм. Астранамічная абсерваторыя. Пад М. аўтамаб. тунэль (даўж. 11,6 км) і шаша з Францыі ў Італію.

т. 10, с. 64

МА́НГА (Mangifera),

род кветкавых раслін сям. анакардыевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. М. індыйскае (M. indica) са стараж. часу культывуецца ў Індыі.

Вечназялёныя дрэвы выш. 10—45 м. Лісце суцэльнае. Кветкі двухполыя і тычынкавыя, дробныя, белыя, у мяцёлчатых суквеццях. Плод — касцянка, зялёная, жоўтая або чырвоная. Плады М. індыйскага (даўж. да 25 см, дыям. да 10 см) ядомыя. Маюць да 20% цукру, шмат вітамінаў, ім уласціва процівіруснае дзеянне.

У.​П.​Пярэднеў.

Манга.

т. 10, с. 64

МАНГАЗЕ́Я,

рускі горад і порт у 1601—72 на Пн Зах. Сібіры на р. Таз. Назву атрымаў ад ненецкага племя мангазея, ці малканзея. У 1601—07 атрад табольскіх і бярозаўскіх стральцоў і казакоў на чале з ваяводам В.​М.​Масальскім-Рубцом (з княжацкага роду Масальскіх з ВКЛ) пабудаваў 4-сценны 5-вежавы горад як апорны пункт для замацавання рускіх у басейнах рэк Енісей і Лена. Хутка набыў вял. гандл.-прамысл. значэнне (захоўваў яго да 1640-х г.). Насельніцтва (у 1620-я г. 2 тыс. чал.) займалася менавым гандлем з ненцамі, сабаліным промыслам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, суднаходствам, рамёствамі (ліцейным, кастарэзным і інш.). Асваенне новага шляху на Енісей і Лену, збядненне мясц. сабаліных промыслаў прывяло да заняпаду горада. У 1672 перанесены на месца Туруханскага зімоўя (да 1780 наз. Новая М., цяпер с. Туруханск Краснаярскага краю).

т. 10, с. 65

МАНГАЛО́ІДНАЯ РА́СА,

адна з асн. або вял. рас чалавецтва, у якую ўваходзяць паўн.-азіяцкая, арктычная, паўд.-азіяцкая, далёкаўсходняя і амерыканская малыя расы (апошнюю некат. даследчыкі вылучаюць у самаст. расу). У прадстаўнікоў М.р. скура ад цёмнага да светлага колеру з жаўтаватым адценнем, цёмныя або карыя вочы, цвёрдыя прамыя цёмныя валасы, слаба развітое валасяное покрыва на твары і целе, шырокі і плоскі твар, прыкметна выступаюць скулы і слаба — нос, ёсць асобная складка верхняга павека — эпікантус. М.р. пашырана ў Кітаі, Індакітаі, Інданезіі, М’янме, Японіі, Карэі, Манголіі, Сібіры, Амерыцы.

т. 10, с. 65