МАНГАЗЕ́Я,
рускі горад і порт у 1601—72 на Пн Зах. Сібіры на р. Таз. Назву атрымаў ад ненецкага племя мангазея, ці малканзея. У 1601—07 атрад табольскіх і бярозаўскіх стральцоў і казакоў на чале з ваяводам В.М.Масальскім-Рубцом (з княжацкага роду Масальскіх з ВКЛ) пабудаваў 4-сценны 5-вежавы горад як апорны пункт для замацавання рускіх у басейнах рэк Енісей і Лена. Хутка набыў вял. гандл.-прамысл. значэнне (захоўваў яго да 1640-х г.). Насельніцтва (у 1620-я г. 2 тыс. чал.) займалася менавым гандлем з ненцамі, сабаліным промыслам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, суднаходствам, рамёствамі (ліцейным, кастарэзным і інш.). Асваенне новага шляху на Енісей і Лену, збядненне мясц. сабаліных промыслаў прывяло да заняпаду горада. У 1672 перанесены на месца Туруханскага зімоўя (да 1780 наз. Новая М., цяпер с. Туруханск Краснаярскага краю).
т. 10, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)