МАНА́ШКА, шаўкапрад-манашка (Lymantria monacha),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі. На Беларусі жыве ў хвойных і лісцевых лясах.

Крылы ў размаху да 45 мм у самцоў, да 60 мм у самак; пярэднія — шараватыя з 4 зігзагападобнымі чорнымі лініямі, заднія — белавата-шэрыя, у самцоў афарбоўка больш зменлівая. Брушка ружаватае з чорнымі палоскамі. Вусені М. (даўж. да 80 мм) кормяцца ігліцай, лісцем, пылком, пупышкамі і парасткамі, пашкоджваюць лістоўніцу, хвою, елку, радзей бук, дуб, граб і інш.

Т.​П.​Смірнова.

Манашка: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)