Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАНАГА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

тое, што аднадомныя расліны.

т. 10, с. 56

МАНАГРА́МА (ад мана... + ...грама),

1) сплеценыя ў выглядзе вензеля пачатковыя літары імя і прозвішча ці імя і імя па бацьку.

2) Умоўны знак (выява кветкі, жывёлы і інш.) замест подпісу на творы мастака.

т. 10, с. 56

МАНАГРА́ФІЯ (ад мана... + ...графія),

грунтоўнае навуковае выданне, у якім даследуецца асобная праблема. ці тэма. Можа належаць аднаму аўтару ці быць калектыўнай. Забяспечваецца навук.-даведачным апаратам, паказальнікамі.

т. 10, с. 56

МАНА́ГУА (Managua),

возера ў Цэнтр. Амерыцы, на тэр. Нікарагуа. Пл. 1489 км². Глыб. да 80 м. Размешчана ў катлавіне тэктанічнага паходжання. Мае перыядычны сток на ПдУ, у воз. Нікарагуа, з якім у мінулым, магчыма, мела адзіны басейн. Азёры падзяліліся ў выніку вулканічнай дзейнасці, перыядычна (у час дажджоў) злучаюцца праз р. Тыпітапа. Суднаходства. На паўд.-ўсх. беразе г. Манагуа — сталіца Нікарагуа, на паўн.-зах. — вулкан Маматомба.

т. 10, с. 56

МАНА́ГУА (Managua),

горад, сталіца Нікарагуа, на паўд. беразе воз. Манагуа, за 45 км ад Ціхага ак. Утварае самастойную адм. адзінку — нац. акругу Манагуа. 682 тыс. ж. (1997). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Гандл. цэнтр краіны. Міжнар. аэрапорт. Чыг. станцыя. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая; вытв-сць тавараў шырокага ўжытку; цэментны і нафтаперапр. з-ды. Ун-т, мед. акадэмія, акадэмія геаграфіі і гісторыі Нікарагуа. Нац. музей Нікарагуа. Нац. тэатр.

Засн. іспанцамі ў 16 ст. на месцы індзейскага паселішча. У 1846 атрымала гар. правы. З 1858 сталіца рэспублікі Нікарагуа. У 1912—25 і 1926—33 акупіравана войскамі ЗША Неаднаразова разбуралася, у т. л. ў выніку паводкі (1876), пажараў (1885), землетрасенняў (у 1972 амаль цалкам).

т. 10, с. 56

МАНА́ДА [ад грэч. monas (monados) адзінка, непадзельнае],

тэрмін, які ўжываецца ў філасофіі для абазначэння структурнай, субстанцыяльнай адзінкі быцця. У ант. філасофіі паняцце «М.» ў розных значэннях сустракаецца ў Экфанта, Арыстоцеля, Платона і інш. мысліцеляў. У піфагарэізме М. (матэм. адзінка) — аснова быцця. У Дж.​Бруна («Аб манадзе, ліку і фігуры», 1591) М. — адзіны пачатак быцця, адухоўленая матэрыя (пантэізм). У цэльную філас. сістэму вучэнне пра М. (манадалогія) распрацаваў Г.В.Лейбніц, які лічыў М. простай, замкнёнай, зменлівай субстанцыяй; М., надзеленую здольнасцю выразнага ўспрымання, называў душой (разумная душа чалавека — М.-дух). М.В.Ламаносаў тэрмінам «фізічная М.» абазначаў часцінку (карпускулу) матэрыі. Паняцце «М.» аналізуецца ў гіст.-філас. даследаваннях, прысутнічае ў філас. канцэпцыях плюралізму і персаналізму.

т. 10, с. 56

МАНАДА́КНА (Monodacna),

род двухстворкавых малюскаў сям. сэрцападобнікаў атр. венерыд. Вядомы з верхняга пліяцэну. 3 віды, 7 падвідаў. Пашыраны ў слабасалёных (не больш за 12‰) і прэсных водах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, вадасховішчах нізоўяў рэк і іх басейнаў. Жывуць на пясчаных і мулавых грунтах да глыб. 35 м.

Даўж. да 41 мм. Ракавіна танкасценная, круглая або авальная, выпуклая, з рабрыстай паверхняй. Нага развітая, з яе дапамогай М. поўзаюць, закопваюцца ў грунт, падскокваюць. Фільтратары, кормяцца водарасцямі, дэтрытам, планктонам. Раздзельнаполыя.

Манадакна.

т. 10, с. 56

МАНА́ЕНКАВА (Аляксандра Фядотаўна) (н. 19.8.1921, в. Сямёнаўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

рускі і бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976), праф. (1978). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1944). З 1948 выкладала ў Чарнавіцкім (Украіна) ун-це, у 1953—95 — у БДУ. Даследуе моўныя кантакты на дыялектным узроўні. Аўтар кніг «Лексіка рускіх гаворак Беларусі» (1973), «Руска-беларускія моўныя адносіны» (1978), «Слоўнік рускіх гаворак Беларусі» (1989), «Руская дыялекталогія» (1992) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 56

МАНА́ЕЎ (Алег Цімафеевіч) (н. 3.2.1952, г. Уладзівасток, Расія),

бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1991), праф. (1994). Скончыў БДУ (1974), дзе працуе з 1976. У 1992 заснаваў і ўзначаліў Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, у 1997 — Бел. асацыяцыю незалежных аналіт. цэнтраў («Беларускія фабрыкі думкі»). Навук. працы па пытаннях эфектыўнасці мас-медыя, іх развіцця і ролі ў пераходным грамадстве. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, дэмакратызацыі і фарміравання грамадзянскай супольнасці на Беларусі.

Тв.:

Эффективность средств массовой информации. Мн., 1986 (у сааўт.);

Молодежь и гражданское общество: бел. вариант. Мн., 1999 (у сааўт.);

Media in transition: From totalitarianism to democracy. Kyiv, 1993;

Glasnost and after Media and change in Central and Eastern Europe. New Jersey, 1995 (у сааўт.).

т. 10, с. 56

МАНА́ЕЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 7.8.1958, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). Працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца лірычных, драм., трагікамедыйных роляў. Мастацтва М. адметнае шчырасцю, арганічнасцю, вытанчанай пластыкай, вострай гратэскнай формай у спалучэнні з глыбокім спасціжэннем псіхалогіі сцэн. характару, імправізацыйнасцю. Найб. значныя ролі: Адуванчык («Радавыя» А.​Дударава, Дзярж. прэмія СССР 1985), Мікіта Зносак («Тутэйшыя» Я.​Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992), Норман («Касцюмер» Р.​Харвуда), Гаральд («Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.-К.​Кар’ера), Іван («Арт» Я.​Рэзы ў Малым т-ры). З інш. роляў: Мікіта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.​Чарота), Ян Губач («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Арыэль («Бура» У.​Шэкспіра), Валерыо («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Валер, Пурсаньяк («Тарцюф», «Нежанаты мнагажэнец, або Залёты лана дэ Пурсаньяка» Мальера), Жадаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Фядоцік («Тры сястры» А.​Чэхава), Юрка («Характары» паводле В.​Шукшына), Генрых («Дракон» Я.​Шварца), Фёдар («Памінальная малітва» Р.​Горына паводле Шолам-Алейхема), Апаліён («Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата), Ён («Кантрабас» П.​Зюскінда ў Мінскім т-ры пад кіраўніцтвам Р.​Таліпава). Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні: «Людзі на балоце», «Давай пажэнімся», «Чужая бацькаўшчына», «Ідзі і глядзі» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

Т.​Я.​Гаробчанка.

В.С.Манаеў.
В.Манаеў у ролі Нормана.

т. 10, с. 57