МАНА́ДА [ад грэч. monas (monados) адзінка, непадзельнае],
тэрмін, які ўжываецца ў філасофіі для абазначэння структурнай, субстанцыяльнай адзінкі быцця. У ант. філасофіі паняцце «М.» ў розных значэннях сустракаецца ў Экфанта, Арыстоцеля, Платона і інш. мысліцеляў. У піфагарэізме М. (матэм. адзінка) — аснова быцця. У Дж.Бруна («Аб манадзе, ліку і фігуры», 1591) М. — адзіны пачатак быцця, адухоўленая матэрыя (пантэізм). У цэльную філас. сістэму вучэнне пра М. (манадалогія) распрацаваў Г.В.Лейбніц, які лічыў М. простай, замкнёнай, зменлівай субстанцыяй; М., надзеленую здольнасцю выразнага ўспрымання, называў душой (разумная душа чалавека — М.-дух). М.В.Ламаносаў тэрмінам «фізічная М.» абазначаў часцінку (карпускулу) матэрыі. Паняцце «М.» аналізуецца ў гіст.-філас. даследаваннях, прысутнічае ў філас. канцэпцыях плюралізму і персаналізму.
т. 10, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)