МАНАДА́КНА (Monodacna),

род двухстворкавых малюскаў сям. сэрцападобнікаў атр. венерыд. Вядомы з верхняга пліяцэну. 3 віды, 7 падвідаў. Пашыраны ў слабасалёных (не больш за 12‰) і прэсных водах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, вадасховішчах нізоўяў рэк і іх басейнаў. Жывуць на пясчаных і мулавых грунтах да глыб. 35 м.

Даўж. да 41 мм. Ракавіна танкасценная, круглая або авальная, выпуклая, з рабрыстай паверхняй. Нага развітая, з яе дапамогай М. поўзаюць, закопваюцца ў грунт, падскокваюць. Фільтратары, кормяцца водарасцямі, дэтрытам, планктонам. Раздзельнаполыя.

Манадакна.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)