Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПОЛІАКРЫЛАНІТРЫ́Л,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі акрыланітрылу. Агульная ф-ла [—CH2—CH(CN)—]n, мал. м. (30—100) 10​3. Цвёрдае рэчыва белага колеру, шчыльн. 1140—1170 кг/м³, т-ра шклавання 85—90 °C. Раствараецца ў палярных растваральніках (напр., дыметылфармамідзе, дыметылсульфаксідзе) і к-тах. У прам-сці вырабляюць у асн. мадыфікаваны П. — двайныя ці трайныя супалімеры, што маюць больш як 85% (па масе) акрыланітрылу (супалімерызацыя дазваляе павысіць растваральнасць і знізіць вязкасць раствораў П.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці валокнаў (гл. Поліакрыланітрыльныя валокны).

т. 12, с. 472

ПОЛІАКРЫЛАНІТРЫ́ЛЬНЫЯ ВАЛО́КНЫ, акрылавыя валокны,

сінтэтычныя валокны, што фармуюць з раствораў поліакрыланітрылу. Прамысл. вытв-сць пачата ў ЗША у 1946. Вядома каля 250 гандл. марак П.в., асн. з іх: нітрон, акрылан, арлон, дралон, куртэль, кашмілон.

Паводле мех. уласцівасцей падобныя да шэрсці. Вызначаюцца атмасфера- і святлоўстойлівасцю, устойлівыя да ўздзеяння мікраарганізмаў, а таксама раствораў кіслот і шчолачаў сярэдніх канцэнтрацый, арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць у хім. чыстцы (бензін, ацэтон, трыхлорэтылен і інш.). Вырабляюць пераважна штапельныя (рэзаныя) П.в. ці жгут. Выкарыстоўваюць у вытв-сці трыкатажу, дываноў, штучнага футра, адзежных, абівачных і фільтравальных тканін, для перапрацоўкі ў вугляроднае валакно; у сумесі з бавоўнай і віскознымі валокнамі — для вырабу гардзін, брызенту.

М.​І.​Пракапчук.

т. 12, с. 472

ПОЛІАКРЫЛА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў акрылавай к-ты (акрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2—CH(COOR)—]n.

Найважн. П. — поліалкілакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.). Бясколерныя каўчукападобныя ці цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ва ўласных манамерах, араматычных вуглевадародах, ніжэйшыя гамолагі (R — алкіл з 1—6 атамамі вугляроду) — у ацэтоне. Хімічна ўстойлівыя, устойлівыя да ўздзеяння святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ліставых і плёначных матэрыялаў, лакаў (гл. Акрылавыя лакі), кляёў (гл. Акрылавыя клеі), у стаматалогіі (для вырабу пратэзаў зубоў).

т. 12, с. 472

ПОЛІАКСІМЕТЫЛЕ́Н,

тое, што поліфармальдэгід.

т. 12, с. 472

ПОЛІАЛЕФІ́НЫ,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі ці суполімерызацыі алефінаў (гл. Ненасычаныя злучэнні). Вядомыя тэрмапласты і эластамеры. Паводле маштабаў вытв-сці і галін выкарыстання займаюць 1-е месца сярод сінт. палімераў. Найб. пашыраны — поліэтылен і поліпрапілен. Тэрмапластычныя матэрыялы, для якіх характэрны высокія мех. эластычнасць і дыэлектрычныя ўласцівасці, устойлівасць да ўздзеяння агрэсіўных асяроддзяў, нізкая вільгаце- і газапранікальнасць. У прам-сці выкарыстоўваюць таксама поліізабутылен — прадукт полімерызацыі ізабутылену (гл. Каўчукі сінтэтычныя) і этылен-прапіленавыя каўчукі.

т. 12, с. 472

ПОЛІАМІ́ДНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

сінтэтычныя валокны, атрыманыя фармаваннем з расплаваў ці раствораў поліамідаў. Каля 98% ад агульнай вытв-сці П.в. складаюць валокны з аліфатычных поліамідаў, пераважна полікапрааміду (гандл. назвы капрон, найлан-6, перлон, дэдэрон, амілан, рэлон і інш.) і полігексаметыленадыпінаміду (анід, найлан-6,6, глацэм і інш.).

Характарызуюцца высокімі трываласцю, эластычнасцю, устойлівасцю да сцірання, шматразовага выгінання і многіх хім. рэагентаў. Маюць нізкую гіграскапічнасць (прычына павышанай электрызавальнасці), святло- і тэрмаўстойлівасць (макс. рабочая т-ра 80—150 °C). П.в. з араматычных поліамідаў (напр., полі-м-феніленізафталаміду) тэрмаўстойлівыя: прыдатныя для эксплуатацыі пры 250—500 °C. Выкарыстоўваюць для вытв-сці трыкатажу, тканін, дываноў, шыннага корду, гумава-тэхн. вырабаў, рыбалоўнай сеткі, канатаў. вяровак. фільтравальных матэрыялаў для харч. прам-сці і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 472

ПОЛІАМІ́ДЫ,

палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы амідныя групы —C(O)—NH—. Паводле хім. будовы П. з’яўляюцца бялкі і пептыды, але структурай і ўласцівасцямі яны істотна адрозніваюцца ад сінт. П., таму вылучаны ў асобныя класы злучэнняў.

Найб. пашыраны аліфатычныя П. з агульнай ф-лай [—HNRNHOCR′CO—]n і [—HNRCO—]n, дзе R, R′ — алкіл (напр., полікапраамід, полігексаметыленадыпінамід), мал.м. (1—3)∙10​4. Тэрмапластычныя палімеры. Бясколерныя крышт. або шклопадобныя рэчывы, tпл 180—300 °C (макрамалекулы ў П. злучаны паміж сабой вадароднымі сувязямі). Раствараюцца ў моцнапалярных растваральніках (напр., канцэнтраванай сернай кіслаце). Характарызуюцца высокай зноса- і цеплаўстойлівасцю, нізкім каэф. трэння, добрымі электраізаляцыйнымі і трываласнымі ўласцівасцямі. Атрымліваюць полікандэнсацыяй дыкарбонавых кіслот (ці іх эфіраў) з дыамінамі, полімерызацыяй лактамаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валокнаў (гл. Поліамідныя валокны), плёнак, канстр., быт. і інш. вырабаў, як аснову кляёў.

т. 12, с. 472

ПОЛІАРГАНАСІЛАКСА́НЫ,

гл. ў арт. Крэмнійарганічныя палімеры.

т. 12, с. 472

ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

ПОЛІВІНІ́ЛАВЫ СПІРТ,

сінтэтычны палімер, прадукт узаемадзеяння полівінілацэтату з метанолам, [—CH2—CH(OH)—]n, мал. м. (5—200)∙10​3. Тэрмапласт. Цвёрдае рэчыва белага колеру, шчыльн. 1270—1300 кг/м³. Пры 225—230 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. Устойлівы ў большасці арган. растваральнікаў і нафтапрадуктаў, разбаўленых к-тах і шчолачах, да ўздзеяння святла і мікраарганізмаў. Выкарыстоўваюць для вытв-сці валокнаў (гл. Полівінілспіртавыя валокны), плёнак і полівінілацэталей, апрэтавання тканін, як эмульгатар, загушчальнік водных раствораў пры вырабе кляёў, нізкамалекулярны П.с. ачышчаны ад прымесей — для вырабу лек. прэпарату «ёдынолу», як заменнік плазмы крыві.

т. 12, с. 472