ПОЛІАМІ́ДЫ,
палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы амідныя групы —C(O)—NH—. Паводле хім. будовы П. з’яўляюцца бялкі і пептыды, але структурай і ўласцівасцямі яны істотна адрозніваюцца ад сінт. П., таму вылучаны ў асобныя класы злучэнняў.
Найб. пашыраны аліфатычныя П. з агульнай ф-лай [—HNRNHOCR′CO—]n і [—HNRCO—]n, дзе R, R′ — алкіл (напр., полікапраамід, полігексаметыленадыпінамід), мал.м. (1—3)∙104. Тэрмапластычныя палімеры. Бясколерныя крышт. або шклопадобныя рэчывы, tпл 180—300 °C (макрамалекулы ў П. злучаны паміж сабой вадароднымі сувязямі). Раствараюцца ў моцнапалярных растваральніках (напр., канцэнтраванай сернай кіслаце). Характарызуюцца высокай зноса- і цеплаўстойлівасцю, нізкім каэф. трэння, добрымі электраізаляцыйнымі і трываласнымі ўласцівасцямі. Атрымліваюць полікандэнсацыяй дыкарбонавых кіслот (ці іх эфіраў) з дыамінамі, полімерызацыяй лактамаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валокнаў (гл. Поліамідныя валокны), плёнак, канстр., быт. і інш. вырабаў, як аснову кляёў.
т. 12, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)