ГІПСАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, на якіх адлюстраваны рэльеф у выглядзе гарызанталей з расфарбоўкай па вышынных ступенях. Рэльеф паказваецца спосабам умоўных сячэнняў лініямі роўных вышынь (гарызанталямі або ізагіпсамі). Яны праводзяцца праз розныя вышынныя інтэрвалы ў залежнасці ад характару рэльефу, маштабу і прызначэння карты. Найб. пашырана шкала афарбоўкі, дзе выкарыстоўваецца карычневы колер, які згушчаецца з нарастаннем вышыні. Упершыню рэльеф тэр. Беларусі паказаны на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі, складзенай рус. Картографам А.А.Ціло ў 1889 у маштабе 1: 2 520 000.
т. 5, с. 260
ГІПСАТЭРМО́МЕТР
(ад грэч. hypsos вышыня + тэрмометр),
гіпсаметр, тэрмабарометр, прылада для вымярэння атмасфернага ціску па т-ры кіпення вадкасці. Закіпанне вадкасці пачынаецца, калі пругкасць пары, якая ўтвараецца ў ёй, дасягае велічыні знешняга ціску. Кожнаму паказчыку атм. ціску адпавядае канкрэтная т-ра кіпення вадкасці. Гэта дазваляе па спец. табліцах па т-ры закіпання вады вызначаць атм. ціск. Гіпсатэрмометр складаецца са спец. тэрмометра, які дазваляе адлічваць т-ру з дакладнасцю да 0,01 °C, і метал. кіпяцільніка з дыстыляванай вадой. Існуюць таксама гіпсатэрмометры, у якіх дзяленні на шкале тэрмометра нанесены ў адзінках ціску (мм ртутнага слупка або мілібары). Выкарыстоўваецца ў экспедыцыйных умовах у гарах.
т. 5, с. 261
ГІПУ́РАВАЯ КІСЛАТА́,
бензаіл-гліцын, C6H5CONH2CH2COOH, адзін з канчатковых прадуктаў абмену рэчываў у большасці пазваночных жывёл. Утвараецца ў печані і нырках з бензойнай к-ты і гліцыну пры ўдзеле каэнзіму A; выдаляецца з мачой (у норме ў чалавека за суткі выдаляецца 0,1—2 г гіпуравай кіслаты). Проба на сінтэз гіпуравай кіслаты выкарыстоўваецца ў клініцы для вызначэння здольнасці печані абясшкоджваць таксічныя рэчывы (Квіка—Пытэля проба).
т. 5, с. 261