ГІПСАТЭРМО́МЕТР

(ад грэч. hypsos вышыня + тэрмометр),

гіпсаметр, тэрмабарометр, прылада для вымярэння атмасфернага ціску па т-ры кіпення вадкасці. Закіпанне вадкасці пачынаецца, калі пругкасць пары, якая ўтвараецца ў ёй, дасягае велічыні знешняга ціску. Кожнаму паказчыку атм. ціску адпавядае канкрэтная т-ра кіпення вадкасці. Гэта дазваляе па спец. табліцах па т-ры закіпання вады вызначаць атм. ціск. Гіпсатэрмометр складаецца са спец. тэрмометра, які дазваляе адлічваць т-ру з дакладнасцю да 0,01 °C, і метал. кіпяцільніка з дыстыляванай вадой. Існуюць таксама гіпсатэрмометры, у якіх дзяленні на шкале тэрмометра нанесены ў адзінках ціску (мм ртутнага слупка або мілібары). Выкарыстоўваецца ў экспедыцыйных умовах у гарах.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)