Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕЕРХО́ЛЬДА ТЭА́ТР,

дзейнічаў у 1920—38 у Маскве пад кіраўніцтвам У.Меерхольда. Засн. як 1-ы Т-р РСФСР (некалькі разоў мяняў назву), з 1923 — М.т. Рэпертуар і маст. практыка вызначаліся творчай праграмай Меерхольда, які паставіў усе спектаклі т-ра (часам у сааўт. з інш. рэжысёрамі). У пастаноўках, якім уласцівы рысы сімвалізму і футурызму, сцвярджаўся агітацыйна-плакатны, відовішчны т-р, што развіваў традыцыі плошчавых прадстаўленняў, спалучаў гераічную патэтыку з рэзкай сатыр. буфоннасцю. Перавага аддавалася п’есам, арганічна звязаным з сучаснасцю: «Містэрыя-буф» (1921), «Клоп» (1929), «Лазня» (1930) У.​Маякоўскага, «Настаўнік Бубус» А.​Файко (1925), «Камандарм 2» І.​Сяльвінскага (1929), «Апошні рашаючы» У.​Вішнеўскага (1931) і інш. У сімвалісцкай інтэрпрэтацыі ставілася і рус. класіка: «Лес» А.​Астроўскага (1924), «Рэвізор» М.​Гогаля (1926), «Гора розуму» (паводле «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1928), «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна (1933), «33 разы ў непрытомнасці» («Сватанне», «Мядзведзь», «Юбілей» А.​Чэхава, 1935) і інш. У трупе т-ра: М.​Бабанава, М.​Багалюбаў, Э.​Гарын, М.​Жараў, І.​Ільінскі, С.​Марцінсон, Дз.​Арлоў, М.​Ахлопкаў, З.​Райх, Л.​Свердлін, М.​Цароў, А.​Цямерын, У.​Яхантаў і інш.

т. 10, с. 256

МЕЁЗ (ад грэч. meiōsis памяншэнне),

спосаб дзялення клетак, пры якім адбываецца памяншэнне дыплоіднага (двайнога) набору храмасом да гаплоіднага (адзінарнага); асноўнае звяно гаметагенезу. Адкрыты ням. вучоным В.Флемінгам (1882). Уключае 2 паслядоўныя дзяленні клетачнага ядра. У складанай і працяглай прафазе 1-га дзялення (мае 5 стадый, у чалавека працягваецца 22,5, у ліліі — 8—10 сутак) адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом, утварэнне бівалентаў, красінговер і інш. На стадыі метафазы біваленты выстройваюцца ў сярэдняй ч. верацяна дзялення. У анафазе пачынаецца рух гамалагічных храмасом да процілеглых полюсаў клеткі. На стадыі тэлафазы мацярынская клетка раздзяляецца на 2 даччыныя, якія пераходзяць у інтэркінез (перыяд паміж 1-м і 2-м дзяленнем М.). Тэлафаза і інтэркінез адбываюцца не заўсёды. 2-е дзяленне М. мае падобныя ўмоўныя стадыі. У выніку з адной зыходнай дыплоіднай клеткі ўтвараюцца 4 гаплоідныя генет. разнародныя клеткі. М. — абавязковае звяно палавога працэсу і ўмова для фарміравання палавых клетак (гамет). Адзін з ключавых механізмаў спадчыннасці і спадчыннай зменлівасці.

Літ.:

Цитология и генетика мейоза. М., 1975.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 256

МЕ́ЖАВА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 8 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 2,06 км², даўж. больш за 2,8 км, найб. шыр. каля 1,4 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 86,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і З 10—15 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн зліваюцца са схіламі, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-ілістае, глыбей дно сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 5 га. Упадаюць 6 ручаёў, у т. л. Чарапяціца, што выцякае з воз. Шэвіна.

т. 10, с. 257

МЕ́ЖАВА,

вёска у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Межава». За 25 км на ПнЗ ад г. Орша, 80 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Стайкі. 1017 ж., 479 двароў (1999). Аршанскае дзярж. племянное прадпрыемства, спіртзавод. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — сядзіба (канец 19 ст.).

т. 10, с. 257

МЕ́ЖАНЬ,

доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады і малога аб’ёму сцёку ў рэках; частка гадавога гідралаг. цыкла. Абумоўлена перыядамі сухога або марознага надвор’я, калі рэзка памяншаецца прыток вады з вадазборнай плошчы. Жыўленне рэк у М. ідзе пераважна за кошт падземных вод. Ва ўмераных і высокіх шыротах на раўнінных рэках адрозніваюць летнюю і зімовую М. (да зімовай М. адносіцца малаводны перыяд з наяўнасцю лядовых з’яў).

т. 10, с. 257

МЕ́ЖНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 18 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 1,34 км², даўж. каля 3,6 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 11 км. Пл. вадазбору 15 км². Схілы катлавіны выш. 7—8 м, участкамі на ПнУ і З да 3 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на У зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі ілістае, глыбей дно выслана сапрапелем. Упадаюць 4 ручаі, сцёк па пратоцы ў Дрысу рэгулюецца шлюзам.

т. 10, с. 257

МЕЖО́ТНЕ (Mežotnes pilskalns),

гарадзішча 9—13 ст. на беразе р. Ліелупе ў Баўскім р-не Латвіі. Побач размешчаны адначасовыя пасад і могільнік. М. ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах 12—13 ст. як эканам. і адм. цэнтр земгалаў. У 1219—20 тут адбываліся баі з крыжаносцамі. На гарадзішчы і пасадзе ў час археал. раскопак выяўлены рэшткі зрубных жытлаў з глінабітнымі печамі, мукамольняў, гасп. пабудоў, ювелірных майстэрань і інш. Знойдзены зброя, с.-г. і хатнія прылады працы, рамесніцкія інструменты, скарб упрыгожанняў і інш.

т. 10, с. 257

МЕЖУЖО́Л,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 22 км на ПнУ ад г. Докшыцы, сярод верхавога балота, якое парасло лесам і хмызняком. Пл. 2,9 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 1,1 км, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 53,4 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя. Дно сапрапелістае. У паўд. ч. возера востраў пл. 0,04 км².

т. 10, с. 257

МЕЖЧ,

балота ў Лельчыцкім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл., у вадазборы р. Мутвіца, на тэр. нац. парку Прыпяцкі. Пл. 21,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 16,2 тыс. га. Глыб. торфу да 3,5 м, сярэдняя 1,9 м. Падсцілачны торф на 8% плошчы. Балота ў натуральным стане, занята рэдкім лесам з хвоі і бярозы, хмызняком.

т. 10, с. 257

МЕ́ЖЫРАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 6.9.1923, Масква),

расійскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1948), у 1967—92 выкладаў у ім. Зб-кам «Дарога далёкая» (1947), «Вяртанне» (1955), паэмам «Вага вёрстаў» (1945), «На рубяжах» (1945—47) і інш. уласцівы інтанацыі рэквіема, імкненне да высокай сімволікі. У зб-ках «Ветравое шкло» (1961), «Развітанне са снегам» (1964), «Ладажскі лёд» (1965), «Падкова» (1967), «Познія вершы» (1971), «Пад старым небам» (1976), «Абрысы рэчаў» (1977), «Медальён» (1979), «Проза ў вершах» (1982; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Барматуха» (1991), паэмах «Балада пра цырк» (1961), «Alter ego» (1975) і інш. успрыняцце рэчаў у маштабе часу і вечнасці, сімвалізацыя дэталей, проціпастаўленне гульні афіцыйнасці і дэмагогіі, цырк як сімвал уласнага жыцця, творчага лёсу, сусвету. Паэзія М. адметная філасафічнасцю, драматызмам, спалучэннем фантазіі з непасрэднай рэальнасцю перажывання, літ. рэмінісцэнцыямі. Аўтар вершаў на бел. тэматыку («З вайны»). На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі А.​Вялюгін, С.​Гаўрусёў, У.​Шахавец.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Избранное. М., 1989.

Літ.:

Пьяных М.Ф. Поэзия Александра Межирова. Л., 1985.

т. 10, с. 257