МЕ́ЖЫРАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 6.9.1923, Масква),

расійскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1948), у 1967—92 выкладаў у ім. Зб-кам «Дарога далёкая» (1947), «Вяртанне» (1955), паэмам «Вага вёрстаў» (1945), «На рубяжах» (1945—47) і інш. уласцівы інтанацыі рэквіема, імкненне да высокай сімволікі. У зб-ках «Ветравое шкло» (1961), «Развітанне са снегам» (1964), «Ладажскі лёд» (1965), «Падкова» (1967), «Познія вершы» (1971), «Пад старым небам» (1976), «Абрысы рэчаў» (1977), «Медальён» (1979), «Проза ў вершах» (1982; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Барматуха» (1991), паэмах «Балада пра цырк» (1961), «Alter ego» (1975) і інш. успрыняцце рэчаў у маштабе часу і вечнасці, сімвалізацыя дэталей, проціпастаўленне гульні афіцыйнасці і дэмагогіі, цырк як сімвал уласнага жыцця, творчага лёсу, сусвету. Паэзія М. адметная філасафічнасцю, драматызмам, спалучэннем фантазіі з непасрэднай рэальнасцю перажывання, літ. рэмінісцэнцыямі. Аўтар вершаў на бел. тэматыку («З вайны»). На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі А.​Вялюгін, С.​Гаўрусёў, У.​Шахавец.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Избранное. М., 1989.

Літ.:

Пьяных М.Ф. Поэзия Александра Межирова. Л., 1985.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)