Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІПНО́С,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог сну; сын Ночы і брат Смерці, багінь лёсу мойраў, багіні помсты Немесіды. Уяўлялі яго крылатым юнаком, спакойным, ціхім, добразычлівым да людзей. Паводле Гамера, жыў на в-ве Лемнас. Гера ўгаварыла Гіпноса ўсыпіць Зеўса, пакуль яна праследавала Геракла. Гіпнос ператварыўся ў птушку і нагнаў сон на Зеўса.

т. 5, с. 259

ГІ́ПНУМ

(Hypnum),

род брыевых імхоў сям. гіпнавых. Вядома каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў. Гіпнум кіпарысападобны (Н. cupressiforme) часцей трапляецца ў лясах каля дрэў, на гнілой драўніне, глебе, камянях. Звычайнымі з’яўляюцца гіпнум бледнаваты (Н. pallescens) і гіпнум Ліндберга (Н. lindbergii), менш распаўсюджаны гіпнум лугавы (Н. pratense), рэдка трапляюцца гіпнум пладучы (Н. fertile) і гіпнум расстаўлены (Н. imponens).

Адна- і двухдомныя меза- і ксерафільныя расліны. Дзярнінкі зялёныя ці жаўтавата-зялёныя, шаўкавіста-бліскучыя. Сцябло ляжачае ці ўзнятае, даўж. 2—10 см, перыста-разгалінаванае, радзей простае, парасткі з кручкаватымі канцамі. Лісце серпа-, яйцападобнае або падоўжана-ланцэтнае. Спарагоны на бакавых галінах. Каробачка падоўжана-эліпсападобная ці цыліндрычная. Перыстом двайны.

т. 5, с. 259

ГІПО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

адзін з відаў зубчастай перадачы, якая ажыццяўляецца канічнымі коламі са скрыжаванымі восямі, прычым вось меншага кола змешчана адносна восі большага. Колы перадачы маюць вінтавыя або крывалінейныя зубы. Перадатачны лік большасці гіпоіднай перадачы. Да 10 (бывае да 30 і болей). Выкарыстоўваецца ў прыводах вядучых колаў аўтамабіляў і трактароў, у цеплавозах, тэкстыльных машынах, прэцызійных станках і г.д.

т. 5, с. 259

ГІПО́ТЭЗА

(ад грэч. hypothesis аснова, меркаванне),

сістэма тэарэт. пабудоў (суджэнняў), з дапамогай якіх на аснове шэрагу фактаў робіцца вывад пра існаванне аб’екта, яго ўласцівасці, сувязі ці прычыны з’явы, прычым вывад гэты нельга лічыць абсалютна дакладным; часовая логіка-метадалагічная характарыстыка выказвання, якая існуе ад пабудовы да праверкі. Гіпотэза павінна мець абгрунтаванасць, падлягаць праверцы і не супярэчыць прынятым у навуцы палажэнням. Пасля праверкі (эксперымент ці назіранне), калі гіпатэтычныя выказванні аказваюцца ісціннымі, яны ўключаюцца ў тэорыю, а калі памылковымі, то замяняюцца новымі. Лагічная структура гіпотэзы — лагічная структура тых выказванняў, якім прыпісваецца гіпатэтычнасць. Для эмпірычных навук характэрна, што кожнае выказванне ў іх бывае ў стадыі гіпотэзы. Паводле рус. логіка М.І.Карынскага, гіпотэза абазначае таксама вывад, які па сваёй структуры падобны да простага катэгарычнага сілагізму другой фігуры.

В.М.Пешкаў.

т. 5, с. 259

ГІПО́ФІЗ

(ад грэч. hypophysis адростак),

ніжні мазгавы прыдатак, залоза ўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.

Г.Г.Шанько.

т. 5, с. 259

ГІПС

(ад грэч. gypsos мел, вапна),

1) мінерал класа сульфатаў, CaSO4·2H2O. У чыстым выглядзе мае 32,6% аксіду кальцыю CaO, 46,5% сернага ангідрыду SO3 і 20,9% вады H2O. Механічныя прымесі пераважна ў выглядзе гліністых і арган. рэчываў, сульфідаў і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей слупкаватыя або прызматычныя, часта ўтвараюць двайнікі («ластаўчын хвост»). Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, парашкападобныя, канкрэцыі, валокны, іголкі, друзы. Афарбоўка ў залежнасці ад прымесей — ад бясколернай і белай да шэрай, жоўтай, чырвонай, ружовай, бурай і чорнай. Бляск шкляны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 2,3 г/см³. У вадзе прыкметна растваральны (20,5 г/л пры 20 °C). Па паходжанні хемагенны, радзей гідратэрмальны. Разнавіднасці: селеніт (валакністы гіпс), гіпсавы шпат (пласцінкавы гіпс) і інш. Выкарыстоўваецца ў цэментнай прам-сці, буд-ве, медыцыне, папяровай вытв-сці.

2) Асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з мінералу гіпсу і прымесей даламіту, ангідрыту, цэлесціну, гідраксідаў жалеза, серы, кальцыту і інш. Паводле ўмоў утварэння адрозніваюць радовішчы гіпсу пярвічныя, што ўтварыліся ў лагунах ці азёрах, і другасныя, што ўзніклі пры выветрыванні (гідратацыі ангідрытаў), радовішчы вышчалочвання («гіпсавы капялюш»), метасаматычныя і інш. Прамысл. значэнне маюць пярвічныя лагунныя радовішчы гіпсу. На Беларусі да такіх належыць Брынёўскае радовішча гіпсу.

Гіпс будаўнічы, алебастр, вяжучы матэрыял паветранага цвярдзення, 2CaSO4·H2O. Выкарыстоўваюць пераважна для ўнутр. апрацоўчых работ.

Гіпс у скульптуры і архітэктуры, адзін з гал. матэрыялаў скульптуры. Выкарыстоўваецца для стварэння рабочых мадэлей, якія потым павялічваюць да памераў скульптуры, а таксама для вырабу пустых формаў пры адліўцы копій, тоесных арыгіналаў, пераходных мадэлей скульптур для пераводу іх у іншыя матэрыялы, пры рэпрадуктаванні ўзораў сусв. скульптуры для музеяў, інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вядомы з часоў Стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма.

На Беларусі як матэрыял станковай скульптуры пашырыўся ў 19 ст. У гіпсе выкананы барэльеф Т.Зана (Р.Слізень, 1-я пал. 19 ст.), «Алегорыя скульптуры» К.Ельскага (1858), бюст Т.Касцюшкі (Я.Астроўскі, 1860), партрэты М.Багдановіча (А.Грубэ, 1927) і інш.

Літ.:

Одноралов Н.В. Скульптура и скульптурные материалы. 2 изд. М., 1982.

У.Я.Бардон, І.М.Каранеўская (у скульптуры і архітэктуры).

т. 5, с. 259

ГІПСАВА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

унясенне ў глебу гіпсу для нейтралізацыі залішняй шчолачнасці, шкоднай для многіх с.-г. раслін; спосаб хім. меліярацыі саланцоў і саланцовых глеб. Пры гіпсаванні глебы натрый у глебе замяшчаецца кальцыем, у выніку паляпшаюцца яе фіз., фіз.-хім. і біял. якасці. Глеба становіцца камякаватай, палягчаецца яе апрацоўка, паляпшаюцца водапранікальнасць і аэрацыя, павышаецца ўрадлівасць. На Беларусі гіпсаванне глебы праводзяць з мэтай угнаення (абагачэнне глебы кальцыем і серай).

Для гіпсавання глебы выкарыстоўваюць пераважна сырамолаты гіпс прыродных пакладаў, фосфагіпс (адходы вытв-сці суперфасфату і прэцыпітату), адходы содавай прам-сці. Уносяць перад ворывам і пасля яго пад культывацыю. Эфектыўнасць павялічваецца, калі гіпсаванне глебы спалучаюць з глыбокім ворывам, арашэннем, унясеннем угнаенняў, снегазатрыманнем і затрыманнем талых вод, пасевам шматгадовых траў. Гл. таксама Вапнаванне глебы.

Н.М.Івахненка.

т. 5, с. 260

ГІ́ПСАВАЯ ПАВЯ́ЗКА.

Выкарыстоўваецца пры лячэнні пашкоджанняў і хвароб апорна-рухальнага апарату. Для накладвання гіпсавай павязкі выкарыстоўваюць гіпсавыя бінты (марлевыя бінты з насыпаным гіпсавым парашком), якія апускаюць у ваду, адціскаюць і накладваюць непасрэдна на цела хворага (беспадкладачная) ці на падкладку з марлі і ваты (падкладачная). Накладваюць раўнамерна 6—12 слаёў, у месцах пералому — таўсцей. Віды гіпсавай павязкі: цыркулярная, мостападобная, аконная, этапная, шынная, лангетная, камбінаваная (з закруткай, шарнірная), карсеты, у выглядзе ложачка і інш. Пры парушэннях кровазвароту на канечнасцях (занадта сціснуты крывяносныя сасуды) гіпсавую павязку разразаюць ці выразаюць на іх адтуліну.

А.У.Руцкі.

т. 5, с. 260

ГІ́ПСАВЫЯ І ГІПСАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,

будаўнічыя вырабы з гіпсавага цеста (сумесь гіпсу і вады) і гіпсабетону (аснову яго складаюць гіпсавыя вяжучыя рэчывы з мінер. і арган. запаўняльнікамі і дабаўкамі, што запавольваюць схопліванне). Да іх адносяцца: гіпсабетонныя панэлі і пліты для перагародак, панэлі для асновы падлогі, перакрыццяў, камяні для вонкавых сцен, вентыляцыйныя блокі, сан.-тэхн. кабіны, абшыўныя лісты («сухая тынкоўка»), цепла- і гукаізаляцыйныя пліты, арх. дэталі і інш. Бываюць арміраваныя і неарміраваныя, суцэльныя, пустацелыя і ячэістыя. Фармуюцца ліццём, вібрыраваннем, прасаваннем і пракаткай. Яны лёгкія, вогнеўстойлівыя, з высокімі гукаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, але воданяўстойлівыя і адносна невял. трываласці. Выкарыстоўваюцца ў канструкцыях (акрамя нясучых), ахаваных ад сістэм. ўвільгатнення, у памяшканнях з невысокай (да 60%) адноснай вільготнасцю паветра.

т. 5, с. 260

ГІПСАГРАФІ́ЧНАЯ КРЫВА́Я,

крывая, якая паказвае ў прамавугольных каардынатах адноснае размяшчэнне плошчаў з рознымі вышынямі сушы і глыбінь мора на паверхні «цвёрдай» Зямлі. Будуецца адкладаннем на восі ардынат вышынь і глыбінь, а па восі абсцыс плошчы пашырэння пэўных вышынь і глыбінь. Крывая паказвае, што каля 80% рэльефу Зямлі прыпадае на адносна выраўнаваныя прасторы сушы і марскога дна. Частка гіпсаграфічнай крывой, якая адлюстроўвае профіль дна акіяна, наз. батыграфічнай крывой.

т. 5, с. 260