ГІПО́ФІЗ
(ад грэч. hypophysis адростак),
ніжні мазгавы прыдатак, залоза ўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)