Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шапава́л, ‑а, м.

Уст. Майстар, які вырабляе валеннем шэрсці капелюшы і іншыя рэчы. Адсюль, сталіца шапавалаў — Дрыбін, За небасхіл бягуць мае сляды. Гаўрусёў. // Рабочы, які працуе на шапавальнай машыне.

шапава́льны, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які мае адносіны да шапавала.

2. Звязаны з апрацоўкай шэрсці шляхам узбівання, разрыхлення яе асобым інструментам або машынай; прызначаны для такой апрацоўкі. Шапавальны смычок. Шапавальны промысел. Шапавальная машына.

шапава́льня, ‑і, ж.

Уст. Майстэрня або памяшканне, дзе апрацоўваюць, валяць шэрсць, а таксама вырабляюць з яе валеныя рэчы.

шапарну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Абл. Шапнуць. Потым .. [жанчыны] хітравата пераміргнуліся, нешта шапарнулі адна адной, і смуглявая пайшла ў дальні кут, дзе на прапыленай паліцы ляжала з дзесятак вагонаў. Лынькоў. Рачкоўскі выбраў зручны момант і неўзаметку ад усіх шапарнуў.. [Карызну]: — У мяне будзеш абедаць... Зарэцкі.

шапата́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пасля кожнага ўзмаху вясла кружацца віркі.. з ціхім, залівістым шапатаннем. Колас.

шапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; незак.

Разм. Тое, што і шапацець. У наваколлі панаваў тады толькі бясконцы гоман дажджу, што лапатаў па дахах дамоў,.. шапатаў у кронах дрэў і цурчэў. Карпаў.

шапаткі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Які шапаціць, шамаціць. Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары! Мележ. Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, акрыўшыся белымі шатамі крохкай, шапаткой шэрані. Колас. У густым хвойніку гарнуліся адна да аднае дзве шапаткія рабіны. Б. Стральцоў.

шапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і шапаткі. Гірня ўзлез на разгалістую асіну, густа ўкрытую шапатлівым лісцем. Кулакоўскі. Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Хомчанка.

шапатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шапацець.

шапаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапацець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Як і штогод, вясна прыйшла ў магутным шуме паводак, у серабрыстым звоне ручаёў, у несціханых трэлях жаваранкаў, у шаўкавістым шапаценні першай зеляніны на пожнях. Хадкевіч.