Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шах 1, ‑а, м.

Тытул манарха ў некаторых краінах Усходу. // Асоба, якая носіць гэты тытул. [Даніла Платонавіч:] — Прачытаў гэтыя вершы шах, уладар краіны, і паклікаў паэта. Шамякін.

[Перс. šāh — цар.]

шах 2, ‑а, м.

У шахматнай гульні — нападзенне якой‑н. фігуры або пешкі на караля праціўніка. — А мы, — сказаў Ігнат, — канём аб’явім шах. Корбан.

•••

Вечны шах — безупынныя нападзенні адной або некалькіх фігур на караля праціўніка, ад якіх кароль не можа пазбавіцца і вымушаны паўтараць адны і тыя ж хады.

[Перс. šāh — цар.]

шах 3, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шумных адрывістых гукаў. [Толік] перахапіў далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч. Чутно было, як правальваўся пад дзядзькавымі нагамі снег: шах! шах! шах! М. Стральцоў. — Шах-шах, шах-шах, — праходзілі.. [салдаты] роўнымі радамі. Арабей.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шахаць — шахнуць. На спіну ўпаў, гатовы к бою, І — шах арла ён [заяц] з усіх сіл! Колас. Глянуў скоса страшны шах — Галованька з плячэй — шах. Вітка.

шахава́ць, шахую, шахуеш, шахуе; незак., што і без дап.

Разм. Аб’яўляць шах каралю. Шахаваць караля.

ша́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухі адрывісты гук (пры падзенні, якіх‑н. рухах і пад.). Суха шахала салома, вылятаючы на падстаўленыя вілы, — змятая, перакручаная, з абвялымі, патанчэлымі каласамі. Савіцкі. Чутно, як шахае піламі стары тартак. Сабаленка.

2. З энергіяй, сілай рабіць што‑н. Пракос за пракосам шахала [маці], скінуўшы душны каптан, аж адпаўзаў ад страху далей у затоку туман. Макарэвіч.

ша́хер-ма́хер, ‑а, м.

Разм. Махлярская здзелка, лоўкая ашуканская аперацыя. [Кушнер:] — Роўна праз тыдзень рачнікі здаюць дом на Элеватарнай. Напішам ім гарантыйнае пісьмо, і яны пазычаць адну кватэру. Такі выпадак! [Гукан:] — Ну, ведаеш, я не магу адказваць за падобны шахер-махер. Шамякін.

[Ням. Schacher und Macher.]

шахінша́х, ‑а, м.

Урачысты тытул персідскага шаха. // Асоба, якая носіць гэты тытул.

шахінша́хскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шахіншаха.

шахі́ня, ‑і, ж.

Жонка шаха.

ша́хматны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з шахматамі (у 1 знач.). Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Колас. // Прызначаны для гульні ў шахматы. Шахматны столік. // Які гуляе ў шахматы, спаборнічае па шахматах. У снежні мінулага года шахматная грамадскасць Савецкай краіны адзначыла стагоддзе з дня нараджэння заснавальніка айчыннай шахматнай школы Міхаіла Іванавіча Чыгорына. «Беларусь».

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шахматы. У шахматным парадку. □ Трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі.. шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Бядуля.

ша́хматы, ‑мат; адз. няма.

1. Гульня на дошцы, раздзеленай на 64 светлыя і цёмныя клеткі (палі), паміж 16 белымі і 16 чорнымі фігурамі па ўстаноўленых для іх правілах хадоў. Бухгалтар Селівей і планавік Ігнат у шахматы гулялі. Корбан.

2. Набор фігур для такой гульні. Расстаўляць шахматы.

[Ад перс. šāh mat — цар памёр.]

шахматы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Ігрок у шахматы. Дзядзя Ваня.. любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі. Якімовіч.